Субота, 14 Ліпень 2018

Часовы павераны ў справах Нідэрляндаў у Беларусі сустрэўся з актывістамі Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сустрэча прайшла ў канфэрэнц-залі віцебскага гатэлю «Эрыдан». Кіраўнік аддзяленьня амбасады Каралеўства Нідэрлянды, часовы павераны ў справах спадар Паўл ван Oўствэйн прыехаў у горад над Дзьвіной, каб распавесьці пра дзейнасьць амбасады, бліжэй пазнаёміцца зь мясцовай грамадзянскай супольнасьцю і праінфармаваць усіх зацікаўленых у супрацы пра тыя магчымасьці, якія даюць галяндзкія фундацыі беларускім няўрадавым арганізацыям.

Спадар Паўл не бяз гонару падкрэсьліў, што правы чалавека ёсьць асноўнай часткай вонкавай палітыкі Нідэрляндаў. І што барацьбе за правы чалавека, а таксама падтрымцы і разьвіцьцю дэмакратыі ў сьвеце надаецца асаблівае значэньне.

Само ж аддзяленьне амбасады адкрылася ў Менску зусім нядаўна – летась. Да таго прадстаўніцтва Нідэрляндаў у Беларусі не было. Цяпер менскі офіс зьяўляецца часткай амбасады, што месьціцца ў Варшаве.

Асноўная частка сустрэчы была прысьвечаная прэзэнтацыі дзейнасьці Фундацыі правоў чалавека і фундацыі «MATRA», якія дапамагаюць грамадзкім арганізацыям і ініцыятывам ва ўсім сьвеце.

Напрамкамі Фундацыі правоў чалавека зьяўляюцца: свабода выказваньня меркаваньняў, свабода рэлігіі і веравызнаньня, роўныя правы для жанчын, роўныя правы для ЛГБТ, вяршэнства закону, падтрымка праваабаронцаў.

Фундацыя ж «MATRA» падтрымлівае праекты, зьвязаныя з культурніцкай актыўнасьцю насельніцтва, эканамічнай мадэрнізацыяй, інавацыйнай адукацыяй, умацаваньнем грамадзянскай супольнасьці, прасоўваньнем ўдзелу грамадзкасьці ў вырашэньні лякальных праблем, праекты, якія ўплываюць на працэсы трансфармацыі грамадзтва.

Дык што спэктар накірункаў працы галяндзкіх фундацыяў выявіўся досыць шырокім, і пры ахвоце шмат якія грамадзкія арганізацыі і ініцыятывы Віцебшчыны змогуць знайсьці сабе падтрымку празь іх. Справа за малым – напісаць праект і адправіць заяўку.

Напрыканцы сустрэчы прысутныя мелі магчымасьць задаць госьцю розныя пытаньні як непасрэдна пра яго дзейнасьць, гэтак і агульнага характару – аб Нідэрляндах, пра яго ўражаньні ад нашай краіны і г.д.

Уладзімер Бяляўскі