13 снежня адбылося паседжанне абласнога савета па працоўных і сацыяльных пытаннях пад старшынствам намесніка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Анжалікі Нікіцінай. Адным з пытанняў было замацаванне кадраў у сельскагаспадарчых арганізыцыях вобласці. Юрыст разважае над тым, якія захады прапануюць улады і наколькі яны адпавядаюць захаванню правоў чалавека.

Мясцовае кіраўніцтва пастанавіла арганізаваць у 2025 годзе аплатныя грамадскія працы, якія фінансуюцца са сродкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, сродкаў бюджэту, дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, за кошт сродкаў наймальнікаў і гэтак далей. Праўда, памер аплаты не агучваецца, звярнуў увагу юрыст.

Віцебскім аблвыканкамам зацверджаны новы пералік дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва Віцебскай вобласці. Змяненне нормы аб асвятленні ў населеных пунктах можа прывесці да тыповага патэнцыйнага парушэння правоў грамадзян, стварае праблемы для выканання стандартаў правоў чалавека, лічыць юрыст.

У аграгарадку Задуброўе Віцебскага раёна па ініцыятыве мясцовых жыхароў створана дзіцячая пляцоўка. Прасцей сказаць, мясцовыя жыхары звярнуліся са сваёй просьбай да уладаў, якія да гэтага падобнай праблемы не бачылі. Чаму кіраўнікі раённага ўзроўню самі не вырашаюць такія пытанні? Між тым, толькі грошай, выдаткаваных на Плошчу герба і сцяга ў абласным цэнтры хапіла б на дзіцячыя плацоўкі ў аграгарадках двух раёнаў вобласці.

14 снежня старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін правёў прамую тэлефонную лінію. Да яго паступіла 26 званкоў. Тэлефанавалі жыхары абласнога цэнтра, Оршы, Паставаў, Докшыцаў, Глыбокага. Традыцыйна пераважалі пытанні ЖКГ, якія гадамі не атрымліваецца вырашыць з дапамогай спецыялізаванай службы 115.бел. У абласной газеце вырашылі інтэрпрэтаваць гэтую сітуацыю на карысць абласных уладаў.