З чарговай скаргай на стан каналізацыі і водазабеспячэння на прыём да старшыні абласнога савета дэпутатаў Дзмітрыя Дзямідава прыйшла жыхарка вуліцы Гагарына ў Віцебску. Непрыемны смурод з падвала, паводле словаў жанчыны, яна адчувае на сваім 5-м паверсе. Апроч гэтага, віцяблянка паскардзілася і на тое, што гарачае вада да яе паверха “даходзіць” вельмі марудна - даводзіцца спачатку зліваць халаднейшую, а гэта вядзе да дадатковых тратаў.
Жанчыне паабяцалі, што чакаць вырашэння праблем засталося нядоўга - літаральна да лета. А там распачнуцца працы, бо яе дом у ліку 75 іншых трапіў у праграму “Подвалы”.
Але высветлілася, што са скаргамі на падобныя праблемы да старшыні аблсавета прыйшлі адназу некалькі чалавек. “Это, вероятно, связано с реализацией программы «Подвал», которая привлекла внимание к этим проблемам”, - цытуе спадара Дзямідава газета “Витебские вести”. І гэта цалкам натуральна, бо віцябляне нарэшце ўбачылі хаця б нейкае развязанне сваіх даўніх праблем. Бо значная частка жыллёвага фонду Віцебска старая, а некаторыя дамы і цэлыя мікрараёны, узведзеныя яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў, ні разу не бачылі капітальнага рамонту. Больш за тое - такі рамонт бліжэйшым часам нават не прадугледжаны.
Калі праграму толькі распачыналі, ніхто не казаў, на які перыяд яна разлічана. Паводле тэкста ў абласной газеце можна меркаваць, што на тры гады: “за три года удастся решить много существующих проблем, а всего для их устранения потребуется минимум пять лет”. Вось толькі фінансавання на гэта пакуль няма.
Што замінала выдаткоўваць фінансаванне на падобныя мэты раней, застаецца незразумелым. Бо, да прыкладу, яшчэ ў самым пачатку 2020 года гарадская газета «Віцьбічы» пісала пра тое, што «подвалы — слабое звено». І найбольш выразна гэта праявілася падчас «гарачай лініі» у рэдакцыі. Летась у кастрычніку падчас прыему жыхароў у старшыні віцебскага аблсавета Дзмітрыя Дзямідава людзі ў чарговы раз прыходзілі са скаргамі на стан падвалаў. Цяпер усе паўтараецца зноў.
Ніна Пісарава