17 верасня на Лепельшчыне, як і ва ўсіх гарадах Віцебшчыны, улады адзначалі Дзень народнага адзінства. Як піша мясцовая раёнка, у гэты дзень адбылося мноства мерапрыемстваў. Жыхары раёна - і малыя, і людзі сталага веку - былі ўдзельнікамі канцэртаў, акцый, флэшмобаў і дыялогавых пляцовак.

Намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык і кіраўнік Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін наведалі металапракатны завод у Мёрах, які некалі ўлады Беларусі па-рэйдарску захапілі ва ўладальнікаў і былое кіраўніцтва ў той час пасадзілі за краты.

Рашэннем Міністэрства юстыцыі Аддзел прымусовага выканання Глыбоцкага раёна рэарганізаваны ў Глыбоцкі міжраённы аддзел прымусовага выканання ўпраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. А 15 верасня ўлады ўрачыста адчынілі будынак аддзела ў Глыбокім.

Як піша мясцовая раёнка, у Глыбокім у рамках адукацыйнага праекта "Адкрытая кафедра" прайшла сустрэча на тэму "Захаванне і ўмацаванне беларускай дзяржавы - у адзінстве беларускага народа". Сустрэча адбылася па ініцыятыве Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры дзяржаўнага аб'яднання "Беларускае таварыства "Веды".

Рашэннямі раённых выканаўчых камітэтам утвораны дадатковыя кіраўнічыя адзінкі - "Сектар культуры". Гэтая кіраўнічая структура выведзена з Аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў, набыла сваё самастойнае бюджэтнае фінансаванне і сферу дзейнасці. Звычайна ў штаце раённага сектара культуры працуюць два чалавекі-загадчык сектара і галоўны спецыяліст.