Серада, 13 Сакавік 2024

Суддзю Браслаўскага суда Вольгу Пракопчык, якая выносіла палітычна матываваныя прысуды, адправілі ў адстаўку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На яе месца прызначылі новую суддзю з Наваполацка – Сняжану Калінічэнка, якая адразу стала старшынёй Браслаўскага суда.  Яна таксама адзначылася раней вынясеннем палітычна матываваных прысудаў, напрыклад, настаўніка гісторыі гэтая так званая суддзя пасадзіла на 20 сутак за ўкраінскі сцяг на фота ў Фэйсбуку, а навапалачанку Кацярыну Леў за быццам знявагу ўладаў адправіла на два гады за краты і прысудзіла вялікі штраф 3700 рублёёў.

На мінулым тыдні ў Браслаўскім райвыканкаме арганізавалі нават цырымонію провадаў у адстаўку старшыні суда Браслаўскага раёна Вольгі Пракопчык і прадстаўленне на гэтую пасаду Сняжаны Калінічэнкі. У гэтым мерапрыемстве ўдзельнічаў і старшыня Віцебскага абласнога суда Аляксандр Федзюкевіч, кіраўніцтва раёна, а таксама прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Браслаўшчыны, судоў заходніх рэгіёнаў Віцебскай вобласці.

Са словамі, што былых суддзяў не бывае, старшыня Віцебскага абласнога суда ўручыў Вользе Пракопчык пасведчанне суддзі ў адстаўцы і грамату Вярхоўнага Суда Беларусі.

Спадзяемся, што і ў Новай Беларусі яе “заслугі” перад грамадствам і “справядлівыя прысуды” не застануцца па-за ўвагай.

Старшыні райвыканкама і райсавета Вячаслаў Грышчанка і Ніна Пучынская выканалі звычайны рытуал для чыноўнікаў і павіншавалі Вольгу Пракопчык з новым этапам у жыцці і ў сваю чаргу адзначылі, што яна прафесіянал у сваёй справе, заўсёды дэманстравала добры ўзровень ведаў заканадаўства, правільна прымяняла іх у практычнай рабоце. А правільна для чыноўнікаў – гэта значыць, што на карысць уладаў.  Яны ёй уручылі Ганаровую грамату райсавета.

Другая частка цырымоніі была прысвечаная прадстаўленню новага суддзі і старшыні суда Браслаўскага раёна Сняжаны Калінічэнкі. Яна нарадзілася ў 1980 годзе, атрымала вышэйшую адукацыю, у 2002 годзе скончыла ПДУ па спецыяльнасці "Правазнаўства". З лістапада 2010 года да гэтага часу займала пасаду суддзі суда г. Наваполацка. Мае другі кваліфікацыйны клас.

Старшыня Віцебскага абласнога суда і кіраўніцтва раёна выказалі ўпэўненасць, што Сняжана Калінічэнка стане дастойнай пераемніцай Вольгі Пракопчык. А гэта значыць, што ў Браславе не спыняцца і надалей палітычна матываваныя прысуды.

Мікола Пуд