Пятніца, 04 Верасень 2026

Прызнаны “экстрэмісцкім” Tiktok-акаўнт экс-палітвязня, блогера Дзмітрыя Казлова

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

“Экстрэмісцкай” інфармацыйнай прадукцыяй акаўнт “Серый Кот” у Tiktok прызнаў 27 жніўня суд Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Цяпер гэты інтэрнэт-рэсурс унесены ў “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Сёлета ў красавіку “экстрэмісцкім” быў прызнаны Telegram-канал экс-палітвязня, рашэнне пра гэта прыняў суд Полацка і Полацкага раёна.

Яшчэ раней, у ліпені 2025 года, суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў “экстрэмісцкімі” два YouTube-каналы блогера, ураджэнца Аршаншчыны, - "Серый Кот" і "Серый Кот Стримы".

Гэта адбылося за два месяца да таго, як Дзмітрый Казлоў быў вызвалены з-за кратаў і прымусова вывезены ў Літву. Нягледзячы на гэта, былога палітвязня ўключылі ў базу вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

Дзмітрый Казлоў - былы жыхар Барані, невялікага гарадка пад Оршай, блогер і грамадскі актывіст. 25 траўня 2021 года Магілёўскі абласны суд прызнаў яго і яшчэ шасцярых актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК РБ). Яго асудзілі да 4 з паловай гадоў зняволення, але літаральна за адзін дзень да выхаду з-за кратаў адбыўся яшчэ адзін суд, і Казлову і дадалі яшчэ адзін год зняволення - нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (артыкул 411 КК).

Уладзімір Бяляўскі