Серада, 13 Сакавік 2024

Флагшток «для патрыятычнага выхавання» ў Віцебску ўсё ж усталююць. Але ў іншым месцы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Праўда, ідэю, выказаную некалькі месяцаў таму, гарадскія ўлады падкарэктавалі: флагшток хочуць усталяваць ужо не на плошчы тысячагоддзя Віцебска, у гістарычным цэнтры горада, а ў Парку тысячагоддзя за Лядовым палацам. Аргументацыя наступная: узняты на флагштоку сцяг «станет символом признания в любви и преданности Беларуси, гордости за свою страну, будет скреплять национальное согласие и патриотический дух белорусского народа». Колькі будзе каштаваць увасабленне гэтай ідэі, не паведамляецца.

Увогуле, падрабязнасці «архитектурно-планировочной концепции объекта «Возведение флагштока на территории Парка 1000-летия в г. Витебске» даведацца не так лёгка: пазнаёміцца з ёй будзе магчыма толькі непасрэдна ў гарадскім аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва. Меркавана, візуальны вобраз ідэі ўзвядзення флагштока будзе прадстаўлены 17 сакавіка – бо якраз у гэты дзень, паводле інфармацыі на сайце Віцебскага гарвыканкама, пачнецца грамадскае абмеркаванне нашумелага праекта. Прэзентацыю абяцаюць правесці 20 сакавіка а 10-й раніцы. Зразумела, што час абраны выключна для зручнасці гарадскіх чыноўнікаў і хіба што людзей пенсійнага веку, бо гараджане ў сваёй большасці такім часам занятыя на працы ці вучобе.

Водгукі наконт аб'екта, прызначанага для «проведения церемоний и других торжественных мероприятий, повышения патриотического воспитания у населения, повышения значимости государственных символов Республики Беларусь», зацікаўленых асобаў запрашаюць падаваць ў пісьмовай ці электроннай форме.

Наколькі меркаванне грамадскасці будзе ўлічвацца, сказаць складана. Магчыма, абранне іншага месца для флагштока ўжо з'яўляецца саступкай уладаў. Але і саму ідэю, выказаную некалькі месяцаў таму, гараджане ўспрынялі негатыўна – назвалі яе марнаваннем сродкаў на фоне існавання куды больш важных гарадскіх праблем.

Тады ініцыятары ўзвядзення канструкцыі «вышынёй ад 50 да 65 метраў» цвердзілі, што «адмова ад рэалізацыі праекта прывядзе да адсутнасці зоны патрыятычнага ўзбагачэння і адпачынку насельніцтва». Між тым «прысутнасць» такой зоны будзе каштаваць не надта вялікаму гарадскому бюджэту істотных шграшовых укладанняў: чамусьці ўлады згадваюць толькі флагшток, тады як побач з ім запланавана ўсталяваць «не меней за два светладыёдныя экраны, канструкцыю для размяшчэння герба Рэспублікі Беларусь і гукавага абсталявання для праслухоўвання гімна».

Мар'яна Мікусь