Як паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк, маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва, аднаго з двух расстраляных паводле абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім мэтро, дамагаюцца атрыманьня інфармацыі пра апублікаваньне ў Беларусі рашэньня камітэту ААН наконт іх справы. 13 чэрвеня Любоў Кавалёва і Тацьцяна Козяр накіравалі на імя кіраўніка МЗС Уладзімера Макея заяву, у якой просяць паведаміць зьвесткі пра тое, якім кампэтэнтным дзяржворганам і ў якім беларускім друкаваным выданьні апублікаванае рашэньне камітэту.

Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў спрабаваў аспрэчыць рашэньне Кастрычніцкага райсуду, дзе яму прысудзілі штраф за несанкцыянаваны пікет у дзень угодкаў Чарнобыльскай трагедыі. Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў падаваў касацыйную скаргу на рашэньне таго ж суду: за распаўсюд партыйнага бюлетэню «Магістрат» яму прысудзілі штраф як парушальніку заканадаўства пра СМІ. Абедзьве касацыйныя скаргі адмовілася задаволіць судзьдзя Ірына Смалякова.

Журналісты, што прыехалі ў Віцебск на суд над Андрэем Гайдуковым сутыкнуліся з актыўным процідзеяньнем з боку міліцыі і супрацоўнікаў у цывільным. Калі журналісткі паспрабавалі ўзяць камэнтар у праваабаронцы Паўла Левінава, падышоў нейкі чалавек, які выдааваў зь сябе глуханямога, і стаў перашкаджаць працаваць, паводзіўся неадэкватна. Маёр міліцыі Віталь Вячаслававіч Фралоў неаднаразова заяўляў: «Я Вас папярэджваю: нельга». У журналістак спрабавалі забраць камэру.

12 чэрвеня Віцебскі абласны суд пачаў разглядаць справу Андрэя Гайдукова, 23-гадовага навапалачаніна, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Суд закрыты. На працэс не дапушчаныя ні журналісты, ні праваабаронцы. Кіраўніцтва РГА “Беларускі Хэльсынскі камітэт” афіцыйна прасіла старшыню абласнога суду дапусьціць Паўла Левінава да працэсу над Гайдуковым, аднак праваабаронцу ў гэтым было адмоўлена без тлумачэньня прычын. Маці Гайдукова, якая жыве ў Полaцку, у суд не прыехала. Як лічыць Левінаў, гэта можа быць зьвязана з тым, што на жанчыну аказваюць ціск, запалохваючы яе.

Падазраваны ў «здрадзе дзяржаве» Андрэй Гайдукоў этапаваны ў Віцебск. Пра гэта паведаміла яго маці Вольга Гайдукова: «Самая дрэнная навіна ў тым, што мой сын хварэе. У пятніцу ён меў тэмпэратуру вышэй за 38 градусаў. З 3 чэрвеня Андрэй знаходзіцца ў Віцебску, але ўжо тыдзень няма ніводнага ліста. Я ўсё даведаюся праз адваката, і гэта хаця б неяк спрашчае праблему», - адзначыла маці палітычнага вязьня.

Сьледчыя дапыталі лекараў у межах расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце сьмерці двухмесячнага дзіцяці ў Віцебскім дзіцячым абласным клінічным шпіталі. “Цягам мінулых выходных сьледчыя дапыталі лекараў шпіталя, дзе памерла дзіця, а таксама канфіскавалі неабходныя дакумэнты для правядзеньня складаных экспэртыз”, - паведаміла агенцтву “Інтэрфакс-Захад” у панядзелак афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова. - Расьсьледаваньне справы працягваецца”.

Ініцыятыва асобных грамадзянаў перашкодзіць усталяваньню помніку выклікала абурэньне грамадзкасьці гораду, спрэчкі вакол асобы князя Альгерда працягваюцца. Але ніякіх прыкметаў таго, што помнік неўзабаве ўсталююць, у Віцебску не заўважна. У абарону помніку выступіў першы сакратар Віцебскага абкаму КПБ Аляксандар Дзядзінкін.

Віцебскія прадпрымальнікі 1 ліпеня гатовыя спыніць працу і выплату падаткаў. Пра гэта заявіла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў “Разам” Ірына Яскевіч. Паводле яе слоў, у лісьце да Аляксандра Лукашэнкі ад імя індывідуальных прадпрымальнікаў гаворыцца пра немагчымасьць працаваць ва ўмовах тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу “Пра бясьпеку прадукцыі лёгкай прамысловасьці”. Ён набудзе моц 1 ліпеня.

Віцебскі гарвыканкам прынёс выбачэньні жыхарам дамоў, разьмешчаных побач з плошчай Перамогі, за канцэрты, якія да глыбокай ночы ладзіліся пад іх вокнамі падчас фэстывалю «Факел». Аднак цешыцца з таго, што цяпер пасьля 23:00 тых, хто жыве паблізу самай вялікай плошчы ў Беларусі, ня будзе турбаваць шум ад гукаўзмацняльнай апаратуры, не выпадае.

Пачынаючы з 1996 году, правазнаўца Барыс Хамайда каля «Сіняга дому» ў Віцебску вядзе агітацыю, каб людзі не хадзілі ні на якія выбары. Але ягоныя заклікі зразумелыя ня ўсім грамадзянам. Ня згодныя зь віцебскім актывістам і шмат хто з апазыцыйных палітыкаў. Каб лепш зразумець пазыцыю Барыса Ханонавіча, «Дыялёг» папрасіў яго адказаць на некалькі пытаньняў.