Журналісту інкрымінуюць ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), дзеянне паўторна, што прадугледжвае адказнасць па ч. 2 арт. 361 згаданага кодэкса (Прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў са штрафам).
Сілавікі вінавацяць журналіста ў тым, што ён выкарыстоўваючы ў якасці сродку ўчынення злачынства неўстаноўленыя прылады, якія дазваляюць рабіць відэаздымку і ажыццяўляць доступ у глабальную камп'ютарную сетку Інтэрнэт, не пазней за 08.05.2024 (дакладныя гадзіны, дата імі не ўстаноўлены), знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы, падрыхтаваў для публічнага інтэрнэт-рэсурсу "Белсат" відэазапіс пад назвай "У новым выпуску "Фельетонаў Лупача" - гісторыя фенаменальнага бізнес-поспеху Глыбоцкага камбікормавага завода".
Як паведамляе Следчы камітэт, у выніку аказанага Змітром Лупачам садзейнічання, экстрэмісцкае фармаванне «Белсат» 8 траўня гэтага года размясціла ўказаны відэаролік у публічным доступе ў Тэлеграм-канале з назвай «Белсат», інфармацыйная прадукцыя якога рашэннем суда Чыгуначнага раёна г. Гомель 27.07.2021 прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Вядома што на журналіста раней таксама была заведзеная крымінальная справа ў межах арт. 361-4 КК («Вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а роўна іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). На гэтай падставе яго аб’явілі ў вышук і вывесілі пра гэта абвестку на міліцэйскіх стэндах у Глыбокім.
Нагадаем, журналіст Зміцер Лупач балатуецца зараз на выбарах у Каардынацыйную раду ад спісу “Салідарнасць”. Вядома, што за гэта на ўсіх кандыдатаў сілавікі завялі крымінальныя справы. Як вынікае – і на Змітра Лупача таксама.
Ульяна Шумская