Таксама яны пытаюцца, ці быў перакладзены гэты дакумэнт ААН на беларускую мову. Праваабаронца, які прадстаўляе маці і сястру Ўладзіслава Кавалёва ў Камітэце ААН па правох чалавека, растлумачыў: у заключнай частцы рашэньня па іх справе камітэт заяўляе, што дзяржава павінна “апублікаваць гэтыя меркаваньні і забясьпечыць іх шырокі распаўсюд ў дзяржаве-удзельніку на беларускай і расейскай мовах”.
“На цяперашні час нам не вядома, каб беларускія ўлады наогул дзе-небудзь апублікавалі рашэньне камітэту наконт гэтай справы, - сказаў Кісьляк. - Я лічу важным прадставіць грамадзкасьці зробленыя незалежнымі экспэртамі высновы, бо яны рэзка разыходзяцца з тым, як уяўляюць справу пра тэракт у менскім мэтро дзяржаўныя СМІ. Яшчэ большае значэньне гэта мае для маці і сястры Ўладзіслава Кавалёва, якому 30 лістапада 2011 году Вярхоўным судом быў вынесены сьмяротны прысуд”.
Ён нагадаў, што скарга маці Ўладзіслава Кавалёва і яго сястры Тацьцяны Козяр была зарэгістраваная ў Камітэце ААН па правох чалавека 15 сьнежня 2011 году, разгледжаная 29 кастрычніцка 2012 году. Камітэт ААН выявіў, што беларуская дзяржава парушыла права на жыцьцё Ўладзіслава Кавалёва. Гэты міжнародны ворган прызнаў таксама, што ў гэтай справе былі дапушчаныя наступныя парушэньні Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох: прымяненьне фізычнай сілы; прымус да дачы паказаньняў супраць сябе; парушэньне прэзумпцыі невінаватасьці. Акрамя таго, лічаць у ААН, суд не зьяўляўся незалежным і бесстароньнім, было парушанае права на перагляд прысуду вышэйстаячай судовай інстанцыяй.
“Гэткае парушэньне права на жыцьцё не павінна больш паўтарыцца ў будучыні. І каб прадухіліць такое, неабходна як мага шырэй распаўсюдзіць высновы камітэту па гэтай справе”, - заявіў Кісьляк. Праваабаронца падкрэсьліў, што ўрад Беларусі да 3 ліпеня павінен падаць у Камітэт ААН па правох чалавека інфармацыю пра зробленыя захады паводле вынікаў разгляду скаргі па справе Ўладзіслава Кавалёва.