Большасць будучых амніставаных – тыя, хто зараз адбывае пакаранне без пазбаўлення волі
Мяркуецца, што амністыя закране каля 7850 асуджаных. З гэтай колькасці толькі 300 чалавек будуць вызваленыя з месцаў зняволення, 260-ці з іх пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі будзе замененае на больш мяккае ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, яшчэ 40 асобаў вызваляць з-пад арышту. Значная частка будучых амніставаных – тыя, хто зараз адбывае пакаранне без пазбаўлення волі. Некаторых іх вызваляць ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, ад пакарання ўмоўна на неадбытую частку пакарання. Яшчэ частцы асуджаных скароцяць тэрмін пакарання на 1 год. Заяўлена, што асноўнымі ўмовамі для прымянення амністыі з’яўляюцца поўнае пакрыццё шкоды, прычыненай злачынствам, і станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбывання пакарання.
За час існавання незалежнай Беларусі было прынята звыш паўтара дзясятка законаў аб амністыі. Звычайна гэта адбываецца ў сувязі з дзяржаўным святкаваннем круглых дат – вызвалення Беларусі ад нацызму, або перамогі ў вайне. Ёсць таксама амністыі без урачыстых нагодаў – па іх у розныя гады вызваляюцца пэўныя катэгорыі асобаў, якія здзейснілі злачынства.
Амністыя ніякім чынам не паўплывае на становішча палітзняволеных
Амністыя-2024, як і папярэдняя, ніякім чынам не паўплывае на становішча палітычных зняволеных: закон не прадугледжвае палёгкі для асобаў, датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці. Па стане на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1402 палітычных зняволеных, усе яны на падставе рашэнняў судоў і сілавых структур прылічаны да экстрэмістаў і тэрарыстаў.
Аналітыкі і палітычныя аглядальнікі кажуць – няма палітычнай волі. Кіраўніцтва дзяржавы ў кааперацыі з сілавым блокам пакуль не бачыць пагрозы свайму існаванню і таму не робіць ніякіх захадаў у накірунку ўстанаўлення ў краіне і грамадстве палітычнага міра і кансэнсусу. А гэта немагчыма без вызвалення асуджаных па палітычных матывах.
Дзяржава не саспела для падобных дзеянняў
Прымяненне механізмаў амністыі ў дачыненні хаця б да часткі палітычных зняволеных, напрыклад, з так званага “гуманітарнага спісу”, азначала б разварот у метадах кіравання дзяржавай і, магчыма, асцярожную прапанову з боку дзеючай улады да сваіх апанентаў з тым, каб распачаць агульнанацыянальны дыялог. Адсутнасць гэткіх досыць сімвалічных крокаў азначае, што дзяржава не саспела для падобных дзеянняў.
Апрача таго, можна меркаваць, што выкарыстанне прававых механізмаў для наладжвання грамадска-палітычнай абстаноўкі азначала б з боку ўлады пачатак гульні “ў доўгую”, згодна з нейкім хаця б прыкладна вызначаным планам. Але ўлада не прывыкла граць па правілах і не ведае той мовы, на якой звычайна пішуцца чалавечыя законы. Таму дзейнічае яна, верагодна, без плана, але з досыць простым разлікам: палітзняволеных можна будзе вызваліць у любы момант, як толькі ў гэтым з’явіцца патрэба. І пад гэтую падзею можна будзе падцягнуць любы прававы механізм, будзь то амністыя, або памілаванне. А яшчэ можна ўключыць рэжым “иногда не до законов” і проста вызваліць палітычных без юрыдычных падстаў, бо, як паказвае жыццё, у Беларусі ён таксама працуе.
Аб гэтым сведчыць хаця б той факт, што законапраект аб амністыі быў прыняты Палатай прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях. Калі зазірнуць у закон аб рэгламенце гэтага “прадстаўнічага” органа, то можна пабачыць, што звычайны парадак ад вынясення законапраекта да яго прыняцця, а таксама паміж прыняццем у першым і другім чытаннях, прадугледжвае пэўную працэдуру, якая можа цягнуцца ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў і ўключае ў сябе шэраг крокаў: абмеркаванне канцэпцыі і мэтазгоднасці праекта, яго абгрунтаванне, унясенне заўваг, прапаноў, шэраг экспертыз і г.д.