17.06.2024 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні  У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-17 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ліквідуюць фонд, які выдаваў літаратурны часопіс "Дзеяслоў"

У Мінскім гарадскім судзе 28 чэрвеня будзе разгледжаны пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “Літаратурна-мастацкі фонд “Нёман”. Працэс пад старшынствам суддзі Вольгі Антоненка пачнецца у 10:00.

Фонд “Нёман” існуе амаль 30 гадоў — з 17 чэрвеня 1994 года. На працягу больш за 20 гадоў, пачынаючы з 2002-га, ён кожныя два месяцы выпускаў літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў”, у якім друкавалася сучасная беларуская проза, паэзія, эсэістыка, крытыка, пераклады твораў з англійскай, літоўскай, нарвежскай, польскай, рускай і ўкраінскай моў. Апошні нумар часопіса выйшаў у снежні 2023 года.

У тым жа судзе 5 ліпеня Таццяна Дарашчонак разгледзіць іск Мінюста з патрабаваннем ліквідаваць Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў (БСЛМК), які існуе амаль 27 гадоў. Аб’яднанне зарэгістраванае ў будынку, дзе месціцца Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. 

Сілавікі пахваліліся масавай зачысткай на заводзе ў Лідзе

Прынамсі пяцёра працаўнікоў металатканага завода HaverBY былі затрыманыя ў выніку міліцэйскага рэйду, паведамляе "Наша Ніва".

Пра гэта 16 чэрвеня паведаміў адзін з каналаў сілавікоў. 

Як паведамілі прапагандысты, на прыватным прадпрыемстве 14 чэрвеня прайшла «адпрацоўка экстрэмістаў». У апублікаваным роліку бачна, як сілавікі з аўтаматамі і ў поўным абмундзіраванні ўрываліся ў цэхі, адцягвалі рабочых ад станкоў, укладвалі на зямлю і заводзілі рукі за спіну.

На якой падставе былі затрыманыя работнікі і які іх працэсуальны статус — не паведамляецца.

Сілавікі затрымалі жыхара Лепеля, які "склікаў людзей" на пратэсты

Ролік з ім апублікаваў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў. На міліцэйскім відэа мужчына ў белай кофце з надпісам «Freedom» кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах.

У 2020 годзе ён пакідаў каментары ў чатах, у якіх «склікаў людзей для пратэстных акцый».

"У горадзе Лепель ніхто не выходзіць, уся сядзяць дома. Нельга так! Вы ж паказвалі, што можаце! У вас там 7 міліцыянтаў на 17 тысяч чалавек!", — напісана ў каментары, які прыпісваецца мужчыну.

Крыніца: Масавая зачыстка ў Лідзе, ліквідацыя грамадскіх арганізацый: хроніка пераследу 15-17 чэрвеня