Аўторак, 11 Чэрвень 2013

Распачаўся суд над «шпіёнам» Андрэем Гайдуковым

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

12 чэрвеня Віцебскі абласны суд пачаў разглядаць справу Андрэя Гайдукова, 23-гадовага навапалачаніна, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве». Суд закрыты. На працэс не дапушчаныя ні журналісты, ні праваабаронцы. Кіраўніцтва РГА “Беларускі Хэльсынскі камітэт” афіцыйна прасіла старшыню абласнога суду дапусьціць Паўла Левінава да працэсу над Гайдуковым, аднак праваабаронцу ў гэтым было адмоўлена без тлумачэньня прычын. Маці Гайдукова, якая жыве ў Полaцку, у суд не прыехала. Як лічыць Левінаў, гэта можа быць зьвязана з тым, што на жанчыну аказваюць ціск, запалохваючы яе.

9:40
Каля будынку суду сабралася паўтара дзясятка чалавек, уключна з журналістамі, унутар нікога не пускаюць. Шмат людзей у цывільным, дзяжураць міліцэйскі мікрааўтобус і аўтобус. Супрацоўнік міліцыі старшы лейтэнант Андрэй Камах забараняе журналістам рабіць фота- і відэаздымкі і пагражае адвезьці ў РАУС. Тацьцяна Севярынец зачытала ліст Гайдукова, які прыйшоў да яе напярэдадні:

«Я абвінавачваюся ў тым, што мог пагражаць нацыянальнай бясьпецы, што характарызуецца як пасягальніцтва на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, навязваньне Рэспубліцы Беларусь курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам. Характар магчымай шкоды можа выяўляцца ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сытуацыі, у тым, што шукаў фінансаваньне на сваю дзейнасьць ў фондзе амбасады ЗША (ЦРУ ЗША паводле вэрсіі КДБ)».

«А таксама ў тым, што я заклікаў да ўвядзеньня візавых санкцыяў у адносінах да пэўных катэгорыяў дзяржаўных службоўцаў. Акрамя таго, паводле вэрсіі КДБ, мая думка можа пагражаць эканамічнай сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Ніякіх замежных прадстаўнікоў фактычна няма ў крымінальнай справе. Ніякіх падставаў, тайнаў, каб закрываць разгляд справы, няма».

10:15
Начальнік аховы Віцебскага абласнога суду паведаміў, што працэс над Гайдуковым пачаўся. Гэта пацьвердзіў апазыцыйны актывіст Ян Дзяржаўцаў, у якога ў гэтым судзе паралельна разглядалася справа паводле яго касацыйнай скаргі. У працэсе бяруць удзел два адвакаты Гайдукова, якія прасілі не называць іх прозьвішчы, і пракурор у рангу старшага дарадцы юстыцыі. Вядзе працэс судзьдзя Галіна Ўрбановіч, вядомая тым, што ў 2008 годзе яна судзіла праваабаронцу Леаніда Сьвеціка.

Зь Менску не прыехаў ніхто ні з палітыкаў, ні з праваабаронцаў. Прысутнічае віцебскі праваабаронца Павал Левінаў (Хэльсінскі камітэт), а таксама тры праваабаронцы-вясноўцы.

10:37
Калі журналісткі паспрабавалі ўзяць камэнтар у праваабаронцы Паўла Левінава, падышоў нейкі чалавек, які выдаваў зь сябе глуханямога, і замінае працаваць, паводзіўся неадэкватна, на мігах паказваючы, што нельга здымаць. Маёр міліцыі Віталь Вячаслававіч Фралоў зноў заявіў: «Я яшчэ раз Вас папярэджваю, здымаць нельга». Падышоў нейкі міліцыянт і ўхапіў камэру журналісткі “Нашай Нівы”.

10:58
Вакол будынку суду стаяць па пэрымэтры міліцыянты, каб у вокны ніхто не зазіраў. Праваабаронцы зазначаюць, што Андрэя Гайдукова даўно ніхто ня бачыў. Павал Левінаў паведаміў, што высьветлілася, яшчэ 29 траўня судзьдзя Ўрбановіч вынесла пастанову, што суд будзе закрытым, але больш падрабязная інфармацыя адсутнічае.

11:30
Ад будынку Віцебскага абласнога суду, дзе судзяць Андрэя Гайдукова, сышлі журналісты і праваабаронцы, якія хацелі прысутнічаць на працэсе. Праваабаронца Павал Левінаў мяркуе, што працэс працягнецца больш, чымся два дні, якія пазначаныя ў інфармацыі, вывешанай у будынку суду: «Мяркуючы па тым, што сьледзтва ішло паўгода, гэтак хутка справу не разгледзяць. Магчыма, зробяць перапынак і зноў пачнуць празь некалькі дзён».

15:00
Да будынку абласнога суду зноў прыйшла каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец. Ня ўбачыўшы тут нікога, хто прыходзіў зранку ў надзеі трапіць на працэс, спадарыня Тацьцяна накіравалася ў Пакроўскі храм, каб памаліцца за Андрэя Гайдукова.

18:00
Маці Андрэя Гайдукова дагэтуль ня ведае, ці скончылася сёньняшняе судовае паседжаньне. Яна чакае тэлефонных паведамленьняў ад адвакатаў. Сама спадарыня Вольга вырашыла, што ехаць у Віцебск з Наваполацку ня мае сэнсу: ёй заставалася б толькі пастаяць на судовым ганку. Так зрабіла сёньня яе сястра, цётка Андрэя Гайдукова, якая жыве ў Віцебску: прыйшла, пастаяла, паглядзела, як не прапускаюць у будынак людзей, ды мусіла пайсьці.

Вольга Гайдукова шкадуе, што перад судом родныя не змаглі выканаць Андрэеву просьбу:

«У віцебскім СІЗА нейкія дзіўныя парадкі. Сястра сёньня чацьверты раз спрабавала перадаць Андрэю летнія чаравікі. Ён прасіў — хацеў на судзе добра выглядаць. Ён заўсёды сочыць за сабой, напэўна, і тут хацеў быць прыгожым… Але мы ня можам дабіцца праўды, як памяняць чаравікі на нейкі іншы абутак, што Андрэй мае. Там можна мець толькі 3 пары абутку, ён мае красоўкі, нейкія тапачкі, яшчэ нешта… А ў СІЗА ня кажуць, да каго зьвяртацца, каб замяніць. Сказалі нават, што трэба прасіць дазволу ў судзьдзі. Няўжо яна будзе гэткім займацца?

Ну, урэшце, і гэта няважна. У нечым жа ён на судзе быў, хоць і ня так, як хацеў. Галоўнае — што там рабілася? Як ён трымаўся, як аргумэнтаваў… Чакаю зьвестак ад адвакатаў, хоць шмат яны й ня скажуць, бо ў іх падпіска пра неразгалошваньне».

20:20
Як расказала карэспандэнту «Ннашай Нівы» Тацьцяна Севярынец, вярнуўшыся да суду каля 3-й гадзіны, яна зайшла ў будынак да дзяжурнага, спытала, ці ідзе яшчэ суд. Той адказаў, што так, ідзе. Жанчына на ўсялякі выпадак пацікавілася, ці няма зьменаў і ці будзе суд заўтра адкрытым: «І тут падае голас той ахоўнік, які выганяў нас усіх з будынку, які бяз бэйджыка і не прадстаўляўся ніяк, быццам бы ня чуе: «А ён і ня быў закрыты!» — «Я анямела. Кажу, як? А чаго ж вы нас не пусьцілі ўраньні?» — «А хто вас не пускаў?»

20:30
Вольга Гайдукова паведаміла, што апавялі адвакаты пра першы дзень закрытага судовага працэсу:

«Шмат не расказвалі. Яны ня маюць права. Але я ўжо задаволеная, што ў Андрэя палепшылася здароўе. Яшчэ, сказалі, яму цяжка гаварыць пасьля прастуды, яшчэ кашляе, але трымаецца добра. Стараецца гаварыць пераканаўча. Я спадзяюся, адвакаты яго абароняць, гэта цяпер самае галоўнае! Якія ў іх пляны, што да чаго, я ня ведаю. І не распытваю: навошта ставіць іх у рызыкоўнае становішча, калі я буду прасіць пра нешта недазволенае… Апавялі, што працэс завяршыўся каля 17-й, што быў перапынак на абед, што абед Андрэю прывозілі. Гэта добра. Заўтра будзе працяг суду, здаецца, зноў а 10 раніцы. Пра тое, каб мяне выклікалі ў якасьці сьведкі, пакуль гаворкі няма. Можа, гэта будзе на наступным тыдні. А ці будзе суд у пятніцу, мне скажуць толькі заўтра».

Маці падсуднага Андрэя Гайдукова ўвесь дзень сачыла за падзеямі праз інтэрнэт:

«Было вельмі прыемна даведацца, што падтрымаць Андрэя прыехалі навапалачане. Натальля Валяева, якая балятавалася на мясцовых выбарах, Андрэй у яе камандзе працаваў. Іншых я ня ведаю асабіста, але добра, што яны прыйшлі, што прыйшлі Тацьцяна Севярынец і Павал Левінаў. Шкада, Андрэй ня ведае, што ён тут быў не адзін! А зьдзівіла мяне сытуацыя зь лістом, атрыманым Тацьцянай Севярынец. Вось як мне, дык лісты не ідуць! Прыйшлі толькі ад 2 і ад 4 чэрвеня, і там толькі пра тое, што перадаць. Мае лісты Андрэй не атрымлівае таксама. І адкуль узяўся гэты ліст пра тое, у чым яго вінавацяць, як яго прапусьціла цэнзура, я ня ведаю!»

22:22
Праваабаронца Павал Левінаў, што сёньня ля суду прысутнічаў Рудольф Рышар — кіраўнік аддзелу палітыкі, прэсы і інфармацыі Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі, 1-ы дарадца Майры Моры. Шмат якія рэчы падаліся яму незразумелымі, кажа спадар Левінаў. Дзіўнымі падаліся дзеяньні малойчыкаў у цывільным, якія перашкаджалі працы журналістаў.

Паводле Радыё Свабода, “Нашай Нівы”, БелаПАН