14.06.2024 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, катаванні Былога палітзняволенага Міхаіла (імя зменена ў мэтах бяспекі) затрымалі восенню 2021 года па "справе Зельцэра" на працоўным месцы. Яму прызначылі 3 гады калоніі за "абразу прадстаўніка ўлады" і "распальванне сацыяльнай варожасці". Палітвязень адбываў тэрмін у віцебскай калоніі №3, у якой памёрлі палітвязні Вадзім Храсько і Мікалай Клімовіч. Па вызваленні ў пачатку 2024 года Міхаіл не стаў чакаць далейшага ціску і з’ехаў за мяжу.

Міхаіл распавёў "Вясне", як яго затрымліваў узброены атрад КДБ, як начальнік віцебскай калоніі Філіп Стурчанка асабіста збіваў вязняў, як палітвязень таемна вынес з турмы кантакты сукамернікаў. А  таксама пра тое, як ён у калоніі ўгаварыў "актывістаў" працаваць разам з палітвязнямі.

"Ні разу не шкада. Карма напаткала свайго героя"

Міхаіл родам з аднаго з абласных гарадоў. Восенню 2021 года ён пракаментаваў у інстаграм-старонцы "Зеркало" смерць супрацоўніка КДБ падчас перастрэлкі з айцішнікам Андрэем Зельцарам: "Ні разу не шкада. Карма напаткала свайго героя". На наступны дзень па яго прыехалі на працу кдбшнікі са зброяй і са шчытамі. Служба бяспекі прадпрыемства, дзе працаваў Міхаіл, закрыла браму на ўваход і выхад, пакуль мужчыну затрымлівалі.

"Калі сілавікі сказалі, што прыйшлі па мяне за каментары, я вельмі здзівіўся. Па колькасці зброі выглядала, нібы затрымліваюць цэлую  злачынную групоўку", – кажа Міхаіл.

Ужо ў машыне па дарозе ў КДБ адзін з сілавікоў сказаў Міхаілу, каб не хваляваўся, маўляў "ніхто яго пальцам не кране".

"Справа Зельцэра": 114 асуджаных, 99 з якіх — да пазбаўлення волі

Па ўсёй Беларусі 29 і 30 верасня 2021 года прайшла хваля затрыманняў за каментары ў сацыяльных сетках пра забойствы IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. У хуткім часе Следчы камітэт заявіў, што супраць 136 затрыманых былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса.

"Дзе гэтая сволач, дайце яго сюды"

Ужо па прыездзе ў будынак КДБ, калі мужчыну вялі па лесвіцы ў сутарэнні, ён пачуў адтуль крык у свой адрас: "Дзе гэта сволач, дайце яго сюды".

"У сутарэннях мяне змясцілі ў камеру-кабінет. Загадалі стаць на калені і скрыжаваць рукі за спінаю. Камітэтчыкі з’ехалі, а ў пакой зайшоў аператыўны супрацоўнік у цывільным, які пачаў мяне моцна збіваць рукамі і нагамі. Я звыклы да фізічнага болю, але гэтае збіццё было для мяне прыніжэннем годнасці. Я думаў, што калі ён яшчэ пару разоў мяне ўдарыць, я дам яму ў адказ".

Пасля ў кабінет увайшоў іншы супрацоўнік у афіцэрскім званні, які граў ролю "добрага паліцэйскага". Ён загадаў першаму "не распускаць рукі". Сілавік казаў, што Міхаілу трэба падпісаць толькі некалькі папераў і магчыма яго хутка вызваляць.

Міхаіл займаўся ў сілоўні разам з супрацоўнікамі розных сілавых структур, з некаторымі падтрымліваў прыцельскія адносіны. Пасля затрымання суразмоўцы іх выклікалі на допыты і распытвалі пра асобу Міхаіла, кажа былы палітвязень.

Елі ў кайданках, пад’ём пад гімн Беларусі

Пасля допыту ў КДБ Міхаіла адвезлі ў ізалятар, дзе ўвесь час трымалі ў кайданках.

"Мы нават елі ў кайданках. Пад’ём адбываўся пад гімн Беларусі".

У ІЧУ Міхаіл правёў выходныя, пасля чаго ў чаканні суда пачаліся яго пераезды па розных следчых ізалятарах, дзе яго разам з іншымі палітвязнямі паставілі на прафулік, як “схільнага да экстрэмізму”. Агулам за час адбывання пакарання былы палітвязень змяніў некалькі СІЗА. Міхаіл кажа, што усіх фігурантаў “справы Зельцэра”, як з рэгіёнаў так і з Мінска, змясцілі ў Следчую турму ў Жодзіна.

"Я думаў, што мяне зараз будуць біць"

Суразмоўца распавядае пра першыя ўражанні ад сустрэчы з сукамернікамі ў Жодзіна.

"У мяне былі стэрэатыпы з фільмаў, што зараз я зайду ў камеру, а да мяне пачнуць чапляцца і пытаць за блатное жыццё, будуць біць. Вырашыў, што калі пачнуць наязджаць, абяру самага гаварлівага і паб’ю яго. Заходжу ў камеру, там усе лысыя сядзяць, спёка, працуюць вентылятары. Я патлумачыў у двух словах, за што сюды патрапіў і на гэтым усё.

Пазней прыгадваў гэты момант з сукамернікамі. Яны чакалі прыкладна таго ж, што і я. На маё з’яўленне думалі, каго зараз буду збіваць".

"Не ўяўляў, што нас настолькі шмат"

"Калі мы яшчэ сядзелі ў ІЧУ я сустрэў там дваіх хлапцоў па "справе Зельцэра". Меркаваў, што гэтыя два і ёсць усе хто таксама каментаваў. Калі нас прывезлі ў Жодзінскую турму, я не ўяўляў, што нас (фігурантаў "справы Зельцэра") настолькі шмат, як я там убачыў".

Міхаіл кажа, што турэмныя камеры былі моцна перапоўненыя. Так, у ягонай на 10 месцаў утрымлівалася 25 чалавек.

"Спальных месцаў не хапала, таму мы з хлопцамі дамовіліся наступным чынам. Тыя, хто сёння спяць на падлозе, заўтра спяць на нарах. На падлогу мы аддавалі пакрывала і падушкі. Адно пакрывала сцялілі на ніз, іншым накрываліся. Падлога была выкладзеная кафляй, на вуліцы восень, спаць было вельмі халодна. Па чарзе спалі на кафлі з былым палітвязнем Сяргеем Далівелем, якога таксама асудзілі па гэтай жа справе".

Як кажа Міхаіл, фігурантаў "справы Зельцэра" ўтрымлівалі ў камерах разам і не змяшчалі з іншымі вязнямі. Іх лісты не перадавалі сваякам, а вязням не перадавалі пасылкі ад родных матывуючы гэта карантыннымі захадамі.

"Пасля месяцу без лістоў і перадач мы напісалі зварот да адміністрацыі, на які нам адказалі: "Вы ведаеце, чаму вы сюды патрапілі, таму не задавайце глупых пытанняў". Тады стала відавочна, што гэта ніякі не карантын. Усё робіцца адмыслова для таго, каб мы болей пакутвалі", – распавядае суразмоўца.

Супрацоўнкіі турмы пастаянна ладзілі колькасныя праверкі. Вязняў падымалі на пастраенне а 24 гадзіне, затым а другой, а чацвёртай і апошняя – пад’ём паводле раскладу – а шостай раніцы. Да таго ж усю ноч у камеры было ўключанае святло. У некаторых ад гэтага на вачах пачалося запаленне.

"Я стаў скручваць рушнік у рулон і выкарыстоўваць яго як павязку на вочы. Паступова іншыя палітвязні перанялі гэты спосаб і так мы ўсёй камерай спалі з рушнікамі ці майкамі на вачах. Некаторыя клаліся пад нары – туды амаль не трапляла святло".

"Усёй камерай чулі, як яго збіваюць". Экс-палітвязень пра катаванні ў жодзінскай турме

Былы палітвязень Міхаіл (імя зменена ў мэтах бяспекі), які да суда знаходзіўся ў жодзінскай турме, распавёў, як яе супрацоўнікі здзекуюцца і катуюць зняволеных, і якія вычварэнскія спосабы для гэтага выкарыстоўваюць.

Да пачатку зімы сядзеў у працоўным камбінезоне

Падчас затрымання на працоўным месцы ў канцы верасня Міхаіл быў апрануты ў рабочае адзенне: камбінезон, майку і лёгкую баваўняную куртку. Увесь час да сярэдзіны снежня, калі ён атрымаў першую перадачу з адзеннем і рэчамі, палітвязень правёў у тым жа адзенні, у якім яго затрымалі.

"Было вельмі халодна і ў гэтым адзенні немагчыма было знаходзіцца. Памятаю, хтосьці з сукамернікаў дзяліўся кофтай, каб хоць неяк сагрэцца", – узгадвае суразмоўца.

Аднойчы мужчыну выклікалі падпісваць дакументы. Яму паведамілі, што справа вылучана ў асобнае справаводства і яго пераводзяць у іншае СІЗА па месцу рэгістрацыі.

Вынес з турмы кантакты вязняў на падкладцы штаноў

Калі Міхаіл даведаўся аб пераводзе, то пачаў збіраць кантакты сукамернікаў, з якімі паспеў пасябраваць. Хаця яго папярэджвалі, што гэта марная справа і ўсе запісы забяруць падчас праверкі.

"Тады я пачаў іх запісваць на кішэннай падкладцы штаноў, у якіх мяне затрымалі. Падчас праверкі, калі нас перавозілі, кантакты знайшлі. Але праз тое, што гэта былі мае адзіныя штаны, іх не канфіскавалі. Па вызваленні я звязаўся з усімі, чые нумары атрымалася вынесці".

Патрапіў у карцар за тое, што хадзіў па камеры ў майтках

Аднойчы Міхаілу давялося адсядзець 10 сутак у карцары СІЗА па абсурднай нагодзе.

"Была летняя спёка, я хадзіў па камеры ў майтках і патрапіў на камеру відэаназірання. Як мне пазней сказалі, у той момант відэазапіс праглядаў нейкі начальнік, які прыехаў з Дэпартамента выканання пакаранняў. А паводле ўнутраных правілаў нельга хадзіць па камеры без штаноў, нават калі спёка. Ён асабіста распарадзіўся, каб мне за гэта далі нейкае спагнанне. У выніку мяне адправілі на 10 сутак у карцар".

"Не верыў, што за каментар можна атрымаць рэальны тэрмін"

Міхаіла на судовае пасяджэнне везлі тыя ж самыя канваіры, якія перавозілі яго з ІЧУ ў СІЗА. Пазнаўшы суразмоўцу, яны здзівіліся такому працягламу знаходжанню пад следствам (Міхаіл больш за год чакаў суда): "Мы думалі, вы ўжо даўно дома".

Праз тое, што адзін з канвойных быў раней знаёмы з Міхаілам, ён даў сваім калегам каманду “Без паказухі”. Як патлумачыў суразмоўца, каб канвойныя не заламвалі яму рукі.

Былы палітвязень сцвярджае, што на судовым пасяджэнні прысутнічалі два супрацоўнікі КДБ. Калі адвакат Міхаіла штосьці казаў суддзі, то супрацоўнікі падавалі пэўныя знакі суддзі, якая пасля рабіла сабе паметкі.

"Іхняя змова была вельмі відавочная. Усе прысутныя выходзілі з судовай залі праз асноўны выхад, а тыя два супрацоўнікі ішлі ў пакой суддзі праз іншы выхад", – кажа Міхаіл.

Калегі Міхаіла пыталі ў яго бацькоў дату суда, каб прыйсці падтрымаць. За некалькі дзён да пачатку пасяджэння начальніку Міхаіла патэлефанавалі невядомыя і загадалі не прыходзіць на судовы працэс, "каб у будучым не ўзнікла праблемаў".

"Я не верыў, што мяне пасадзяць да самага моманту, пакуль не атрымаў на рукі адмоўныя вынікі апеляцыі. Думаў, што абмяжуюся ўжо адбытым тэрмінам у СІЗА і пайду дамоў з залі суда. Нават канваіры казалі мне падобнае. Я да канца адмаўляўся верыць, што за каментар можна атрымаць рэальны тэрмін".

Суразмоўца кажа, што лінгвістычная экспертыза не знайшла ў ягоным каментары "Ні разу не шкада [супрацоўніка КДБ]. Карма напаткала свайго героя" абарзы і распальвання варожасці. Але яму ўсё адно прызначылі тры гады калоніі агульнага рэжыму.

За адмову прасіць памілаванне забралі лісты ад блізкіх

Міхаіл адбываў пакаранне ў віцебскай папраўчай калоніі № 3 цягам 2023 года. Ён распавядае, што па прыбыцці ўсіх палітвязняў адпраўляюць па надуманых прычынах у ШІЗА. У адміністрацыі калоніі не было нараканняў да суразмоўцы да таго часу, пакуль яго не пачалі настойліва схіляць да прызнання віны і напісання памілавання на імя Лукашэнкі. Міхаіл адмовіўся, пасля чаго адзін з аператыўных супрацоўнікаў калоніі Спірыдонаў В.В. забраў з асабістых рэчаў лісты Міхаіла ад блізкіх.

"Можа быць, упершыню "актывісты" працавалі разам з палітвязнямі"

Спачатку экс-палітвязень працаваў у швейным цэху. Яшчэ ў СІЗА ў яго выявілі аўтаімунную хваробу лёгкіх і ў калоніі накіравалі на больш лёгкую вытворчасць. Міхаіл кажа, што ў "швейцы" шылі форму і спальныя мяшкі для расейскіх вайскоўцаў, а ў цэху дрэваапрацоўкі рабілі скрыні для снарадаў. У швейным цэху ён прапрацаваў менш за месяц. У мужчыны здарыўся канфлікт з адным з вязняў, што на думку мужчыны і з’явілася прычынаю змены працы.

Пасля Міхаіла перавялі ў цэх сартоўкі металу – ачышчаць ад пластыкавай аплёткі кабель і правады. Ім не выдавалі ніякіх сродкаў абароны. Толькі адну пару аднаразовых пальчатак на месяц, кажа Міхаіл. Вочы і дыхальныя шляхі заставаліся не абароненыя, а ў цэху было шмат пылу. Да таго ж, пластыкавую аплётку правадоў для лёгкасці ачысткі спальваюць, а не зразаюць. Таму на тэрыторыі калоніі і вакол яе стаіць моцны смурод. Як кажа мужчына, адміністрацыя казала палітвязням, што яны знаходзяцца не ў санаторыіі, а ў калоніі, таму мусяць пакутваць.

"Аднойчы на прамзону прывезлі 17 тон кабеля. Яго выгрузілі на вуліцы, а трэба было перанесці на трэці паверх будынку. Звычайна на падобную цяжкую працу прыцягвалі толькі палітычных. Напрыклад, забойцы і наркаманы ў гэтым не ўдзельнічалі".

Палітвязні ланцужком перагружалі кабель на трэці паверх, а “актывісты” (або "казлы" –  супрацоўнікі калоніі з ліку зняволеных) абураліся і папракалі палітычных, нібы яны недастаткова хутка працуюць. У выніку адміністрацыя калоніі паставіла ўльтыматум: калі да канца працоўнага дня 17 тон кабеля не складуць, то палітвязняў пазбавяць мыцця ў душы.

"Тады мы ўсе разам склалі інструменты і адмовіліся працаваць, бо ў любым выпадку мы б не паспелі ўсё скласці. То навошта дарэмна напруджвацца. На наступны дзень нам сказалі, што калі мы і за сёння не падымем кабель, то нас пазбавяць душа на цэлы тыдзень".

Міхаіл разам з іншым палітвязнем здолелі дамовіцца з актывістамі і разам пачалі грузіць рэшту кабеляў. Іхныя брыгадзіры, Унукаў Сяргей і Семімеха Андрэй, дапамагаць адмовіліся. Палітвязні абурыліся няроўным стаўленнем, пачалі высвятляць адносіны. Але канфлікт далей не разгарэўся: кабель пагрузілі, а палітвязняў пусцілі ў душ.

"Вы мусіце быць усе раз’яднаныя"

Пра інцыдэнт даведалася адміністрацыя калоніі і Міхаіла на 10 сутак адправілі ў ШІЗА. Але пасля яго не выпусцілі, а пачалі дадаваць па 10 сутак. Агулам мужчына адзін правёў з штрафным ізалятары два месяцы запар.

Неўзабаве да Міхаіла ў камеру ШІЗА прыйшоў намеснік начальніка калоніі Федчанка Дзяніс для асабістай размовы.

"Я ў яго спытаў, чаму мяне тут трымаюць. Бо канфлікт атрымалася вырашыць, усе засталіся задаволеныя, людзі атрымалі душ. Як ён мне патлумачыў, я сваім прыкладам паказаў іншым, што ў калоніі можна чагосьці дамагчыся агульнымі намаганнямі. А такога быць не мусіць. Ён тады сказаў: "Вы мусіце быць усе раз’яднаныя. Сёння вы вырашылі сітуацыю на прамзоне, а заўтра калонію на вушы падыміце, і адміністрацыя будзе павінна ісці на саступкі арыштантам". Маўляў, мы мусім быць кожны па асобку".

filipp-sturczenko_naczalnik-ik-3_foto_ze
Філіп Стурчанка, начальнік папраўчай калоніі №3 Віцебска. Фота; са старонкі "Укантакце" Стурчанкі, "Зеркало"

Начальнік віцебскай калоніі асабіста збівае палітвязняў

Начальнік калоніі Філіп Стурчанка і яго намеснік Федчанка Дзяніс асабіста прыходзілі збіваць палітвязняў, якія адкрыта выказваліся супраць адміністрацыі калоніі і яе парадкаў, кажа Міхаіл.

"Аднойчы разам са мною ў душы мыўся зняволены Мікалай Шкаляр. Ён ад ног да галавы быў сіні ад збіцця. Ледзь зайшоў сам у душавую. Я ўжо раней чуў, што ў калоніі кагосьці моцна збілі. Дык гэта быў ён. "Стурчанка трымаў дручок у абедзвюх руках і біў так моцна, нібы хацеў мяне перарубіць напалову", – распавядаў мне Шкаляр".

У калоніі працуе супрацоўнік аператыўнай часткі Салавей, які таксама сістэмна збівае вязняў, кажа суразмоўца.

Міхаіл распавядае, што ўсе збіцці як правіла адбываліся ў камеры ШІЗА, бо вакол няма сведкаў.

"Сілавікі заходзілі ў камеру ШІЗА ўсім натоўпам і пачыналася форменнае збіццё. Збівалі дручкамі або электрашокерамі".

Не стаў плаціць штраф і з’ехаў за мяжу

Міхаіл цалкам адбыў тэрмін і вызваліўся сёлета ў лютым. У яго застаўся неаплочаны штраф, які яму прызначылі разам з пазбаўленнем волі. Мужчына адмовіўся яго аплочваць, бо не прызнае за сабою віны. Апошнім часам да былога палітвязня па месцы прапіскі сталі прыходзіць людзі ў цывільным і распытваць, дзе ён знаходзіцца. На той момант Міхаіл ужо пэўны час не жыў дома, не карыстаўся сім-картай і не аплочваў пакупкі банкаўскай карткай, каб не пакідаць лічбавы след. Яшчэ па вызваленні ён прыняў рашэнне з’язджаць з Беларусі, а пошукі яго невядомымі з’явіліся апошняй кропляй. У выніку Міхаіл з’ехаў з краіны пару тыдняў таму і цяпер знаходзіцца ў бяспечным месцы.

Крыніца: "Начальнік калоніі асабіста збівае палітвязняў". Былы зняволены пра віцебскую калонію