У Наваполацку затрымалі актывістку руху «За Свабоду» Таццяну Трафімаву
Затрыманне адбылося 30-га сакавіка. Па звестках праваабаронцаў, жанчыну вінавацяць паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Сябры і знаёмыя чакалі, што сёння над спадарыняй Таццянай адбудзецца суд. Аднак працэсу не было, і падобна, што жанчыну будуць трымаць пад вартай 72 гадзіны. Такое шырока практыкуецца на Віцебшчыне: затрыманых па «палітычных» артыкулах не судзяць адразу, а выпісваюць позвы ў суды пасля трох сутак знаходжання за кратамі.
Заснавальнік сайта Orsha.eu месяц пражыў пад бамбёжкамі ў Чарнігаве. Расказвае пра "ваенны сіндром", інстынкты самазахавання і крах рэжымаў
Ігар Казмерчак — заснавальнік рэгіянальнага медыя Orsha.eu, восенню мінулага года з’ехаў пад ціскам рэпрэсій у Чарнігаў, будаваў планы развіваць беларускую супольнасць. Але. Ён месяц пражыў пад бамбёжкамі ў Чарнігаве, на днях змог выехаць у Львоў. Ігар расказаў пра падзеі ў горадзе, новы досвед, новыя каштоўнасці і свой прагноз, як будзе развівацца сітуацыя. Пра гэта піша БАЖ.
Хто карыстаецца мабільным тэлефонам Барыса Хамайды ў віцебскім ІЧУ?
Увечары 30-га сакавіка карыстальнікі Telegram, знаёмыя з найстарэйшым віцебскім апазіцыянерам, атрымалі дзіўныя паведамленні. Паводле допісаў службы мэсэнджару, Барыс Хамайда зарэгістраваўся ў Telegram каля 22-й гадзіны вечара. Сітуацыя неверагодная ў прынцыпе, бо актывіст знаходзіцца пад арыштам, а ягоны тэлефон тым часам павінны захоўваць супрацоўнікі ІЧУ. Або міліцыянты, калі апарат забраны для нейкіх следчых дзеянняў. У любым выпадку, гаспадар карыстацца ім не можа. Хто ж тады ўвайшоў Telegram пад выглядам Барыса Хамайды?
Праз палітычны пераслед быў вымушаны пакінуць Беларусь пастаўскі ксёндз Андрэй Бульчак
Супраць пробашча пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага распачалі адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. 25-га сакавіка над ім павінны быў адбыцца суд, але справу вярнулі ў Пастаўскі РАУС на дапрацоўку. Ксёндз Андрэй Бульчак, грамадзянін Польшчы, шмат гадоў аддаў святарскаму служэнню на Віцебшчыне. Але ягоны дазвол на працу ў Беларусі мае скончыцца ў траўні, і святар не меў ілюзіі, што ён будзе працягнуты. Таму прыняў рашэнне зʼехаць ужо цяпер, не чакаючы вынікаў суду, бо ў выпадку штрафу ён не хоча «фінансаваць гэты рэжым».