22.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Пётр Міхайлавіч Старацітараў У Гомельскім абласным судзе 21 жніўня да пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі палітзняволенага прадпрымальніка з Мазыра Пятра Старацітарава. Пра гэта паведамляе "Гомельская вясна". Затрымалі мужчыну за антываенныя паведамленні. Ягоныя каментары ў інтэрнэце кваліфікавалі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку як "заклік да санкцый" і "дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь". Справу ў закрытым рэжыме разглядаў Яўген Шаршнёў. 

21.08.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

21.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 21 жніўня распачаўся суд над палітзняволеным Арцёмам Лябедзькам, сынам палітыка Анатоля Лябедзькі. Прычынай пераследу сталі данаты ў тры фонды салідарнасці ў 2020 годзе. Дзеянні палітвязня кваліфікавалі як "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса. Справу ў адкрытым рэжыме разглядае суддзя Яўген Пісарэвіч, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Раман Бізюк.

21.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Андрэй Халупка. Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 16 жніўня вынес прысуд 45-гадоваму Андрэю Халупку, абвінавачанага ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

21.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", на былога палітзняволенага Дзмітрыя Абрамука, які цалкам адбыў тэрмін і пакінуў Беларусь, узбудзілі новую крымінальную справу. Трэцюю справу супраць брэстчаніна ўзбудзілі 19 чэрвеня гэтага года паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Негледзячы на тое, што ўжо трэці месяц Дзмітрый не знаходзіцца ў Беларусі, супрацоўнікі міліцыі прыйшлі 18 жніўня да яго маці з ператрусам, з якой ён нават не камунікуе. На маёмасць у доме накладзены арышт. Прычынай зацікаўленасці сілавікоў, паводле Дзмітрыя, сталі дадзеныя супрацоўнікаў ПУАТ № 9, дзе ён адбываў тэрмін, у тэлеграм-канале "Дзікае паляванне". У пастах выкарыстоўваліся спасылкі на яго інтэрв'ю і матэрыялы ў медыя. Заяву на Дзмітрыя напісалі супрацоўнікі "хіміі", дадзеныя якіх былі "зліты" ў тэлеграм-канал.

21.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У Мінскім гарадскім судзе паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса судзілі як асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, 54-гадовага мінчука Ігара Папова. За каментары ў інтэрнэце на закрытым судовым працэсе мужчыне прызначылі бестэрміновае прымусовае лячэнне са строгім наглядам. Такое рашэнне суддзя Валянціна Зянкевіч вынесла яшчэ 12 траўня, але падрабязнасці справы праваабаронцам "Вясны" сталі вядомыя толькі цяпер. Ігара ўжо накіравалі ў псіхіятрычную бальніцу "Гайцюнішкі" Воранаўскага раёна.

18.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, ціск, чыноўнікі, рэпрэсіі Праваабаронцам стала вядома, што 45-гадовага беларуса Дзяніса Хахлова выдварылі з Расіі ў Беларусь. Яго даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання горада Круглае (Магілёўская вобласць). Сёння яго павінны перавесці ў СІЗА. На радзіме яму пагражае палітычна матываваны крымінальны пераслед паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту) за ўдзел у мірным мітынгу.

18.08.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-18 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

18.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Ілюстрацыйнае фота. У судзе Ленінскага раёна Мінска 1 жніўня вынесены прысуд сямейнай пары Сяргею і Юліі Тарасевіч. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

18.08.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Міхаіл Мякека Гродзенскі абласны суд 9 жніўня вынес прысуд слесару-сантэхніку са Скідзеля Міхаілу Мякеку, якога абвінавацілі па шэрагу пратэсных артыкулаў. Гэта – распальванне іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК), арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел ў іх (ч. 1 арт. 342 КК), гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы (ч. 2 арт. 366 КК), паклёп ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК).