Здзеклівай выглядае і прадмова да чатырох так званых «пакаяльных» відэа: «Праваахоўнікі Віцебшчыны працягваюць дапамагаць тым, хто яшчэ не вызначыўся са сваёй палітычнай пазіцыяй, знайсці выйсце і рэабілітавацца (раскаяцца). Змагары, запомніце раз і назаўсёды, ніхто не застанецца незаўважаным, усіх вылічым, да ўсіх прыйдзем у госці. Калі да вас яшчэ не пастукаліся, гэта не значыць, што пра вас забылі».

Праваабаронцам стала вядома, што на актывіста незалежнага СПБ склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Адзін з іх, найверагодней, па 24.23 КаАП – за фотаздымкі, размешчаныя ў сацыяльных сетках. Другі, магчыма, за падпіску на BySol– паводле ч.2 артыкула 19.11 КаАП. Паводле гэтага ж артыкула за падпіску на ByPol і ByHelp тыдзень таму быў затрыманы і асуджаны  жыхар Полацку, сябар і калега Віктара Стукава, старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах. Цяпер ён адбывае 15-суткавы арышт.

Затрыманне Вячаслава адбылося месяц таму, 9 лютага, на наступны дзень пасля прыезду з Польшчы. Спачатку Лазарава павезлі ў Следчы камітэт, і амаль суткі следчыя на казалі родным дзе журналіст знаходзіцца, што з ім адбываецца. У Вячаслава на волі засталася маці- пенсіянерка і маленькая дачка. Цяпер яго ўтрымліваюць у Віцебскім абласным следчым ізалятары.

Затрыманне адбылося 9-га лютага пасля ператрусу ў кватэры, дзе Вячаслаў Лазараў прапісаны. Там жыве ягоная маці-пенсіянерка, у яе на вачах сына кінулі на падлогу, заламалі рукі за спіну, а потым, не даўшы толкам апрануцца, павялі ў міліцэйскую машыну. З кватэры забралі мабільныя тэлефоны, а таксама маленькую відэакамеру. Маці патлумачылі, што Вячаслава павязуць на допыт у следчы камітэт, але дахаты ў той дзень ён так і не вярнуўся.

Сталі вядомыя падрабязнасці пра затрыманне Андрэя Мельнікава – журналіста і барда, заснавальніка фэсту «Аршанская бітва», забароненага ўладамі. 5 лютага ён выйшаў на волю і распавёў, што яго затрымалі 26 лютага пасля выкліку ў пастарунак. Там яго пазнаёмілі з пратаколам, складзеным паводле арт. 19.11 КаАП і адразу ж узялі пад варту. Калі Мельнікаў перастаў выходзіць на сувязь, сваякі, занепакоеныя ягоным лёсам, звярнуліся ў міліцыю. І толькі праз тры дні ім паведамілі, што спадар Андрэй знаходзіцца ў ІЧУ, але – нібыта за хуліганства.