«Пакаяльныя» відэа нагадваюць словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ахвотныя вярнуцца з-за мяжы, так званыя «беглыя», павінны стаць на радзіме яшчэ больш шчырымі «ябацькамі», чым цяперашнія прыхільнікі дзяржаўнай улады. У гэтай стылістыцы і знятыя відэаролікі. Пракладам, у Дзмітрыя Каралькова на грудзях начэплена чырвона-зялёная стужка з кветкамі яблыні – якраз такія раздаюць гандляркам і касіркам напярэдадні 9 траўня або 3 ліпеня. Хлопец кажа пра тое, што браў удзел у пратэстах 2020г., быў падпісаны на дэструктыўныя каналы і старонкі ў сацыяльных сетках, пакідаў там каментары.
Аповед Яраслава Пачопкі зняты на фоне дзяржаўнага сцяга. Мужчына распавядае, што працуе начальнікам цэха на прыватным прадпрыемстве, і што аднойчы ён пералічыў 20 даляраў у BySol.
На іншыя відэазапісы крэатыву, па ўсім відаць, не хапіла. І Дзмітрыя Смуенку здымалі ўжо проста на шэрым фоне. Ён прызнаецца, што быў удзельнікам пратэстаў і пакараны за гэта. Таксама хлопец кажа, што быў падпісаны на сацыяльныя сеткі і Telegram-каналы, «забароненыя ў Рэспубліцы Беларусь». І цяпер раіць усім адпісацца ад такіх рэсурсаў, «каб не было праблемаў, звязаных з законам».
На апошнім відэа жыхары Віцебску могуць пазнаць лекара-стаматолага Уладзіміра Балясава. Ён звяртаецца да сваіх пацыентаў і незнаёмых людзей, кажучы, што браў удзел у акцыях пратэсту і «асвятляў сітуацыю, як я тады яе разумеў». Далей ён кажа, што не хоча з’язжаць з Беларусі, і шчыра ўсцешаны тым, што ў краіне няма вайны. Заклікае ўсіх устрымлівацца ад каментароў у інтэрнэце і працаваць над тым, каб беларускае грамадства аб’ядналася, і не было варажнечы.
Звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што ніхто з герояў відэаролікаў не апраўдваецца за ўдзел у пратэстах 2020-га году – усе чацвёра гавораць толькі аб тым, што шкадуюць пра свае дзеянні ў інтэрнэце, прычым падкрэслена звяртаюцца да патэнцыйных гледачоў, каб тыя былі больш абачлівымі, што да «забароненых» суполак і Telegram-каналаў.
Таццяна Віктарава