Прызнаўшы фотасесію на фоне гарадскога графіці несанкцыянаваным пікетаваньнем, суд Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафаваў шэсьць удзельнікаў. Спробы абскардзіць гэта рашэньне ў абласным судзе посьпеху не мелі. Цяпер пададзеня скаргі на імя старшыні абласнога суда.

Сябры КХП-БНФ давалі тлумачэньні ў Сьледчым камітэце наконт знойдзеных імі парэшткаў меркаваных ахвяраў масавых расстрэлаў у лесе пад вёскай Хайсы Віцебскага раёну. Калі партыйцы выйшлі з будынку СК, мясцовыя незалежныя журналісты папрасілі іх адказаць на пытаньні з запісам на відэа. Але ледзь пасьпелі журналісты ўключыць відэакамэру, як з будынку Сьледчага камітэту выйшаў афіцэр, які папрасіў спыніць здымкі.

24 сьнежня ў Віцебскім абласным судзе разглядаліся касацыйныя скаргі журналістаў і актывістаў, пакараных штрафамі за фатаграфаваньне з птушкамі і клеткамі. Справы шасьці ўдзельнікаў фотасэсіі разьбіралі розныя судзьдзі – Эдгар Марцірасян, Сьвятлана Іванова і Ірына Смалякова, – але вынік іх разбораў аднолькавы: скаргі задаволеныя не былі, рашэньні, прынятыя судом Чыгуначнага раёну, пакінутыя бязь зьменаў.

3 сьнежня суд Чыгуначнага раёну Віцебску разгледзеў адкладзеную раней адміністрацыйную справу Пятра Берлінава – яшчэ аднаго ўдзельніка мастацкага пэрформансу “з птушкамі і клеткамі”. І хоць спадар Берлінаў журналістыкай не займаецца, а да мастацкай акцыі ў падтрымку свабоды прэсы далучыўся выпадкова, ён усё адно быў абвінавачаны паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Віцебскі праваабаронца Валер Місьнікаў лічыць, што віцебскія журналісты знаходзяцца ў небясьпецы, іх перасьледуе міліцыя, і судзьдзі адкрыта парушаюць правы, прапісаныя ў законах. Публікуем адкрыты ліст Місьнікава да «дзяржаўных адказных службовых асоб». Падставай да напісаньня ліста сталі адміністрацыйныя справы супраць журналістаў за фота на фоне графіці.