Панядзелак, 12 Студзень 2015

Падпалкоўнік юстыцыі: Нам непрыемна, што вы здымаеце будынак Сьледчага камітэту (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сябры КХП-БНФ давалі тлумачэньні ў Сьледчым камітэце наконт знойдзеных імі парэшткаў меркаваных ахвяраў масавых расстрэлаў у лесе пад вёскай Хайсы Віцебскага раёну. Калі партыйцы выйшлі з будынку СК, мясцовыя незалежныя журналісты папрасілі іх адказаць на пытаньні з запісам на відэа. Але ледзь пасьпелі журналісты ўключыць відэакамэру, як з будынку Сьледчага камітэту выйшаў афіцэр, які папрасіў спыніць здымкі.

На пытаньне Яна Дзяржаўцава, які пачаў быў даваць інтэрвію журналістам, – «Мы штосьці парушылі?» – прагучаў адказ: «Вы нічога не парушылі. Але вы павінны разумець, што гэта рэжымны аб’ект, і здымкі без дазволу кіраўніцтва гэтага аб’екту ня вельмі прыемныя нам як супрацоўнікам гэтага аб’екту».

Супрацоўнік СК, які папрасіў спыніць відэаздымкі, быў чалавек у чыне падпалкоўніка юстыцыі, начальнік аддзелу апэратыўна-дзяжурнай службы Ўпраўленьня сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Вячаслаў Бысеў. Ён прадставіўся і паводзіўся карэктна. Але пры гэтым так і не патлумачыў, на падставе якога закону трэба мець дазвол на здымкі і ўзгадненьне зь ягоным кіраўніцтвам.

«Вы робіце гэта на фоне ўпраўленьня Сьледчага камітэту. Я мяркую, што вы можаце гэтыя відэаздымкі выкарыстаць у нейкіх нядобрых, не пажаданых для нас мэтах, – так спадар падпалкоўнік патлумачыў сваю просьбу. – Таму прапаную здымкі спыніць, аддаліцца ад будынку на “бясьпечную адлегласьць” –  ды працягнуць рабіць тое, што вы робіце, але крыху наводдаль ад будынку».

Журналісты і ўдзельнікі відэаздымак зрабілі так, як папрасіў афіцэр.

Інцыдэнт пракамэнтаваў Ян Дзяржаўцаў, у якога журналісты бралі прыпыненае падпалкоўнікам Бысевым інтэрвію: «Не пасьпеў я сказаць два-тры дзясяткі словаў незалежнаму журналісту з нагоды нашага візыту да сьледчай, як да нас выйшаў ажно цэлы начальнік аддзелу апэратыўнай дзяжурнай службы і папрасіў пакінуць межы “рэжымнага аб’екту”. На вялікі жаль, праваахоўныя органы бароняць не правы тутэйшых грамадзян, а бясьпеку існага тут рэжыму ды свой адносны дабрабыт».