Серада, 02 Верасень 2026

За чый кошт на Віцебшчыне піярыцца партыя “Белая Русь”?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Адказу на гэтае пытанне нельга знайсці ў мясцовых дзяржСМІ, якія пішуць пра “добрыя справы” гэтай арганізацыі. Але ён вельмі просты: вельмі зручна дэманстраваць "дабрачыннасць", не ўкладаючы ў гэіа ўласных сродкаў.

Днямі газета “Гарадоцкі веснік” распавяла пра тое, як раённая партыйная структура разам з супрацоўнікамі ЖКГ адрамантавала і пафарбавала дзіцячую пляцоўку. Для камунальшчыкаў гэта – працоўны абавязак, але ў чым тады ўнёсак уласна “Белай Русі”. Можа, партыйцы збіралі грошы на фарбу і матэрыялы? Або толькі дапамаглі ў свой вольны час?  “Раёнка” пра гэта не паведамляе.

Падобныя пытанні выклікае і публікацыя ў дубровенскай газеце “Дняпроўская праўда”, дзе гаворыцца пра тое, як рэгіянальнае прадстаўніцтва партыі “Белая Русь” уручала падарункі вучням школы №2 і выхаванцам дзіцячага садка. Школьнікі атрымалі канцтавары ў пакетах з партыйнай сімволікай, а дзетсадаўцам дастаўся “калектыўны падарунак” – спартовы інвентар. І зноў – ні слова пра тое, ці гэта ўсё набылі за грошы спонсараў, ці збіралі ахвяраванні з партыйцаў, ці ашчаджалі грошы з партыйных унёскаў.

Аднак за гэтай карцінкай хаваецца грубае маніпуляванне свядомасцю чытачоў: партыя «Белая Русь» карыстаецца магутнай прамой і ўскоснай фінансавай падтрымкай з дзяржаўнага бюджэту. Да прыкладу, адмысловай пастановай Савета міністраў гэтай праўладнай структуры і яе рэгіянальным аддзяленням падаравана велізарная льгота — яны плацяць усяго 10% ад базавай стаўкі арэнды за дзяржаўную маёмасць. Акрамя таго, партыйная каса прымусова-добраахвотна папаўняецца за кошт унёскаў (не менш за 0,7% ад месячнага доходу кожнага члена), якія збіраюцца па месцы працы – адсюль жаданне павялічваць шэрагі партыйцаў. У выніку прыгожыя акцыі і падарункі аказваюцца звычайным пераразмеркаваннем народных грошай, калі структура купляе сабе танны піяр за кошт рэсурсаў саміх жа падаткаплацельшчыкаў.

Уладзімір Касцевіч