Ілля Кароза, які ўзяў інтэрв'ю падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў кіраўніка беларускай дзяржавы, адмовіўся вяртацца ў Латвію і застаўся ў Беларусі. Неўзабаве да сына прыедзе і яго маці. 

У лістападзе мінулага году па рашэнні Віцебскай абласной пракуратуры Міністэрства інфармацыі заблакавала гарадскі незалежны сайт Оршы. У афіцыйным спавяшчэнні, якое атрымала рэдакцыя, вялося пра тое, што блакіроўка будзе працягвацца паўгады. Прайшло значна болей часу, і было прынята рашэнне напісаць у пракуратуру афіцыйны запыт, чаму сайт дагэтуль не разблакаваны. «Адказ прыйшоў адназначны: сайт не разблакуюць», – распавёў рэдактар і заснавальнік сайта orsha.eu Ігар Казмярчак.

Па заяве пракурора Віцебскай вобласці 13 ліпеня старонка віцябляніна Сяргея Сесіцкага ў сацыяльнай сетке Фейсбук (https://www.facebook.com/sergey.sesitsky) прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі. Гэта чарговая спроба выдаліць інфармацыйны рэсурс Сяргея з публічнага абарота.

Рашэнне пра прызнанне “групы грамадзян экстрмісцкім фарміраваннем і забарону яго дзейнасці” прынята МУС 6 ліпеня. Запіс пра гэта пад №72 з’явіўся ў Пераліку арганізацый , фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці на сайце Міністэрства ўнутраных справаў.

Ціну Палынскую, журналістку з Полацку, 17 чэрвеня выклікалі ў суд, дзе мусіў адбыцца працэс наконт яе допісаў у «Фэйсбуку» пра візіт патрыярха Кірыла. Суд не адбыўся, бо матэрыялы справы было вырашана накіраваць на дапрацоўку ў міліцыю. Цяпер жанчына атрымала афіцыйную паперу з Полацкага РАУС, што адміністрацыйную справу супраць яе скасавалі.