На глыбоцкіх журналістаў Тацьцяну Смоткіну і Зьмітра Лупача склалі пратаколы за парушэньне заканадаўства аб СМІ паводле артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Суд над Тацьцянай адбудзецца 9 ліпеня, над Зьмітром – 10 ліпеня.

Сваю «скаргу на дзеяньні дзяржаўнага органу, якія ўшчамляюць права на свабоднае выказваньне меркаваньня» Павал Левінаў накіраваў у суд Першамайскага раёну Менску. Ён просіць суд абавязаць Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію даць яму магчымасьць выступіць у этэры тэлеканалу «Беларусь-1».

Кіраўнікам прадпрыемстваў Віцебскай вобласьці ад імя Вадзіма Заранкіна разасланая факсаграма аб арганізацыі падпіскі на часопіс Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Ліст за подпісам міністра інфармацыі Ліліі Ананіч быў дасланы на электронны адрас, пазначаны на сайце. «Даводзім да ведама, што на інфармацыйным рэсурсе, разьмешчаным па адрасе www.freeregion.info, выяўленыя факты парушэньня заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. У сувязі з гэтым прапануем у тэрмін да 15 мая 2015 году падаць на адрас Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь зьвесткі, датычныя ўладальніка гэтага інфармацыйнага рэсурсу», – гаворыцца ў лісьце.

Каля тузіну заяваў у папраўчыя ўстановы, ЛПП і СІЗА Віцебскай вобласьці разаслаў праваабаронца і незалежны журналіст Леанід Сьвецік. У сваіх заявах ён прасіў даць яму магчымасьць наведаць згаданыя ўстановы для падрыхтоўкі журналісцкага матэрыялу аб умовах утрыманьня і побыце асоб, што знаходзяцца ў іх. Ніводная з заяваў задаволеная не была.