24 верасня ў Віцебску адбыліся масавыя затрыманні ўдзельнікаў мірных маршаў, якія прайшлі ў горадзе 20 і 23 верасня. Сярод затрыманых – віцебскія студэнты Паліна Нітчанка, Наста Чарнавок, Антон Панамарэнка, Данііл Кісялёў, а таксама навучэнка аднаго з віцебскіх каледжаў Сафія Цярэнцьева. Усе затрыманыя былі змешчаныя ў СІЗА, бо ізалятар часовага ўтрымання на рамонце. 25 верасня многія з затрыманых заставаліся за кратамі.

24 верасьня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску судзьдзя Ільля Белавус пакараў актывіста Алега Паўлава 8 соднямі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу каля Віцебскага аблвыканкаму 16 жніўня. Паводле пратаколу, правапарушэньне кваліфікаванае паводле ч.3, арт. 23.34 КаАП.

22 верасьня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34 КаАП) грамадзкую актывістку Станіславу Цярэнцьеву на 12 базавых велічынь (324 рублі). Такое рашэньне прыняў судзьдзя Ільля Белавус.

У судзе Першамайскага раёну Віцебску 21 верасьня судзілі паводле арт.23. 34 КаАП вядомых у горадзе асобаў. Старшыня віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП Ірына Яскевіч за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці атрымала папярэджаньне, грамадзкая актывістка Алена Каваленка – 10 базавых, а ўладальнік двух «жывемабіляў» Андрэй Кулакоў – 7 базавых велічынь.

12 верасьня ў Кастрычніцкім і Першамайскім судах Віцебску праходзілі адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі мірных акцый па артыкуле 23.34. Грамадзяне атрымалі штрафы ад 2 да 20 базавых велічынь. Найбольшы штраф прысудзілі аўтарцы плякату «Jabatʼka Hotel...».