«Афіцыйна папярэджваю маёра Патоцкага. Чакай, прыкарытнік, люстрацыі, бо самасуд будзе для цябе значыць канец», – гэтак дакладна гучала фраза, якую палічыў за абразу пацярпелы маёр міліцыі Іван Патоцкі. Каментар быў надрукаваны 19 жніўня ў тэлеграм-канале «Лепель для жыцця».
Пракурор прасіў для Дзмітрыя Кулакова 6 гадоў пазбаўлення волі.
Тры экспертызы
Як распавяла жонка абвінавачанага Юлія, канфлікт пачаўся з таго, што да бацькі Дзмітрыя, які жыве ў Лепельскім раёне, прыехаў маёр Патоцкі, каб даведацца, дзе пражывае яго сын. Маёр паведаміў бацьку, што Дзмітрый нібыта раз’язджаў па Лепельскім раёне ў нецвярозым стане. Бацька запярэчыў, што сын не мае ні правоў, ні машыны. І такога не можа быць.
«Падчас выбарчай кампаніі Дзмітрый расклейваў улёткі ў Шуміліне. Яго хацелі затрымаць. Міліцыянту патрэбная была нейкая нагода», – тлумачыць жонка.
Абураны хлуснёй маёра міліцыі, Кулакоў выклаў пост, які ў выніку і стаў нагодай, каб абвінаваціць яго ў крымінальных злачынствах. Патоцкага Дзмітрый не ведаў, але меў аднагрупніка з гэткім жа прозвішчам, які скончыў акадэмію міліцыі. Мужчына палічыў, што гэта можа быць ён. Па сутнасці, напісанае ў тэлеграм-канале было адрасаванае нават не рэальнаму маёру Івану Патоцкаму.
«Абвінавачанне абапіралася на вынікі аж трэцяй па ліку экспертызы, якая пацвердзіла наяўнасць пагрозы ў фразе. Пры гэтым дзве папярэднія лінгвістычныя экспертызы ніякай пагрозы ў тых словах не выявілі. Гэта вельмі дзіўна. Дый паказанні Патоцкага былі вельмі блытаныя», – патлумачыла Юлія Кулакова.
Што цікава, пасля публікацыі ў тэлеграм-канале Дзмітрыя затрымалі на трое сутак. Ён прынёс міліцыянту прабачэнні, і пасля гэтага яго адпусцілі: два месяцы ён быў на волі. Затрымалі Кулакова 23 лістапада – ужо пасля таго, як была зробленая трэцяя лінгвістычная экспертыза.
Дзмітрыя вызвалілі з-пад варты
У апошнім слове Дзмітрый Кулакоў адзначыў, што не меў намеру абразіць маёра Патоцкага і тым больш пагражаць яму.
«Хутчэй за ўсё меў на ўвазе не «самасуд», а тое, што яму прыйдзецца судзіць сябе самаму, то бок – судны дзень, бо ён сказаў няпраўду. І ўсё!» – сказаў Дзмітрый Кулакоў.
«У мяне сям’я, двое дзяцей. Праз шэсць гадоў, якія запрасіў пракурор, малодшы мяне нават не прыгадае», – дадаў абвінавачаны ў апошнім слове.
Вырак аказаўся не такім жорсткім, якога патрабаваў пракурор. Суддзя Кацярына Унуковіч прызнала Дзмітрыя Кулакова вінаватым па абодвух артыкулах і прысудзіла яму агулам тры з паловай гады «хіміі» – абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Суддзя Кацярына Унуковіч
Пасля абвяшчэння прысуду Дзмітрый Кулакоў быў вызвалены з-пад варты.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.
С. Горкі