Панядзелак, 21 Снежань 2020

Справу ліцэісткі Марыі Амасовіч спынілі. Суддзя папрасіў у яе прабачэння

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Марыя Амасовіч Марыя Амасовіч

21 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да студэнткі першага курсу Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага ліцэю Марыі Амасовіч, абвінавачанай паводле арт. 23.34 КаАП. Суддзя Міхаіл Юрчанка справу спыніў і прынёс прабачэнні за дзеянні міліцыі.

6 снежня 19-гадовая Марыя Амасовіч выйшла па хлеб у краму, але неўзабаве была затрыманая непадалёку ад свайго студэнцкага інтэрнату і крамы «Віталюр». Падставай для затрымання сталі два балонікі ў форме сэрца белага і чырвонага колеру, якія ёй падарыла дачка яе знаёмай за пару хвілін да гэтага. Міліцыянты палічылі, што дзяўчына выказвала свае грамадска-палітычныя погляды.

18 снежня прайшло першае судовае паседжанне. Марыя Амасовіч не адмаўляла, што ішла па вуліцы з шарыкамі. Але цалкам не разумела, чаму яе затрымалі. Міліцыянты Марозаў і Каліснічэнка, якія затрымлівалі Амасовіч, настойвалі, што дзяўчына нібыта прыпынілася на некалькі хвілінаў і сваімі дзеяннямі прыцягвала да сябе ўвагу мінакоў і кіроўцаў. Гэткім чынам яна быццам бы і «выказвала свае грамадска-палітычныя інтарэсы». Каб разабрацца, суддзя Міхаіл Юрчанка запатрабаваў на тым паседжанні запісы з камераў відэаназірання крамы «Віталюр», «Белтэлекаму» і гасцініцы «Лучоса».

Судовае паседжанне 21 снежня пачалося з таго, што Марыя Амасовіч выказала хадайніцтва аб спыненні судовага працэсу ў сувязі з адсутнасцю ў яе дзеяннях складу правапарушэння. Пісьмовае хадайніцтва далучылі да справы.

У ходзе судовага разбору быў апытаны супрацоўнік Першамайскага РАУС кіроўца Юркоў. Ён пацвердзіў, што Амасовіч, якая рухалася па праспекце Чарняхоўскага, была затрыманая пасля таго, як збочыла з ходнікаў праспекту да свайго інтэрнату. Перад тым, як дзяўчыну затрымалі, яна ўвесь час знаходзілася ў полі зроку кіроўцы і ён не бачыў, каб яна спынялася.

Суддзя Юрчанка апытаў таксама і міліцыянтку патрульна-паставой службы Першамайскага раёну Юлію Аскеру, якая праводзіла асабісты дагляд Марыі Амасовіч пасл затрымання. Супрацоўніца МУС пацвердзіла, што затрыманая мела пры сабе два надзьмутыя балонікі белага і чырвонага колеру. У кішэні знаходзіліся яшчэ тры шарыкі – два чырвонага і адзін белага колеру.

Удзельнікі працэсу прагледзелі відэа, узятае з камераў відэаназірання крамы «Віталюр». Відэа не пацвердзіла той факт, што Амасовіч спынялася на ходніках, каб звярнуць на сябе ўвагу.

Агучваючы матэрыялы справы, Міхаіл Юрчанка, між іншым, адзначыў, што Марыя Амасовіч за апошнія месяцы пяць разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у масавых мерапрыемствах паводле арт. 23.34 КаАП.

Вывучыўшы доказы, якія меліся ў справе, суддзя Міхаіл Юрчанка пастанавіў справу ў дачыненні да Марыі Амасовіч «спыніць у сувязі з недаказанасцю яе віны ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння».

Ад імя суду Міхаіл Юрчанка прынёс Марыі Амасовіч прабачэнне за дзеянні супрацоўнікаў МУС.

С. Горкі