Старэйшае пакаленне віцяблян памятае, як за савецкім часе ў піянеры ці ў камсамол прымалі каля помніка Леніну. Старая камуністычная завядзёнка ладзіць казённыя ўрачыстасці расквітнела ў Віцебску новымі фарбамі: цяпер у БРСМ прымаюць у абласной управе міліцыі. І не проста ў афіцыйным будынку, а ў «сэрцы сэрцаў» міліцэйскай управы, як выказаўся начальнік аддзела ідэалогіі МУС аблвыканкаму  Дзмітрый Пугачоў, – у профільным міліцэйскім музеі. Сюды прывезлі старшакласнікаў з пасёлка Должа, і сямёра з іх атрымалі білеты чальцоў праўладнай моладзевай структуры.

Днямі стала вядома, што каля віцебскай ратушы збіраюцца ўсталяваць дэкаратыўную скульптуру «Пажарнага», якая заадно будзе выконваць функцыю платнага фантана. І гэта будзе выява не сучаснага выратавальніка з МНС, а рэтраспектыўны вобраз, які павінны «вярнуць» гледачоў у сярэдзіну ХІХ стагоддзя. У той час вежа на гарадской ратушы пачала выконваць функцыю пажарнай каланчы – назіральнага паста, з вышыні якога можна было ўбачыць, ці не загарэлася дзесьці пераважна драўляная гарадская забудова. Між тым ратуша ў Віцебску сімвалізуе зусім не наяўнасць пажарнай каманды, а вольны дух гораду, якому было нададзена магдэбургскае права.

У Музеі Вольнай Беларусі 16 лютага прайшла прэзентацыя двух выданняў, рэалізаваных праваабарончым цэнтрам "Вясна": навуковае даследванне Таццяны Астроўскай “Культура і супраціў” і расказы Максіма Знака “Зэкамерон”. На сустрэчу прыйшло больш за 50 беларусаў Варшавы, якія змаглі атрымаць кнігі ў падарунак.

Наваполацкая гарадская арганізацыя РГА «Патриоты Беларуси» была створана ў чэрвені мінулага году. На ўстаноўчым сходзе было абвешчана, што структура «ставіць перад сабою мэту пабудовы незалежнай, моцнай, стабільнай і квітнеючай краіны». Працаваць дзеля гэтай мэты ў Наваполацку пагадзіліся каля 100 чалавек – менавіта столькі чальцоў мае гарадская арганізацыя. І першай самастойнай імпрэзай, ініцыяванай наваполацкімі «патрыётамі Беларусі», стала спаборніцтва па кулявой стральбе з малакаліберных вінтовак.

Міліцыянтаў турбуе, што падчас «Славянскага базару» ці іншых афіцыйных мерапрыемстваў нехта з віцяблянаў арганізуе сваё – несанкцыянаванае. З гэтай мэтай будзе арганізавана назіранне з дапамогай квадракоптараў, якія неўзабаве з’явяцца ў арсенале супрацоўнікаў. Плануецца таксама павялічыць колькасць камер відэаназірання на цэнтральных вуліцах Віцебску. Між тым у рэгіёне няўхільна расце колькасць злачынстваў зусім іншага кшталту, выкрыццю якіх квадракоптары аніяк не дапамогуць.