Серада, 22 Кастрычнік 2025

Журналіст Анджэй Пачобут узнагароджаны прэміяй імя Андрэя Сахарава

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Палітзняволенага трымаюць у Наваполацкай ПК -1. 8 лютага 2023 г. яго асудзілі на 8 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму, абвінаваціўшы паводле двух крымінальных артыкулаў: арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ; арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.

Журналіст і адзін з лідараў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 г. ў Гродне. 31 сакавіка беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Пачобута палітычным зняволеным. Ужо больш за 4 гады ён знаходзіцца за кратамі. 

У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыях назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

На прэмію імя Андрэя Сахарава палітвязня селета намінавала група еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў, у якую ўваходзіць польская партыя «Права і справядлівасць». Рашэннем канферэнцыі прэзідэнтаў Еўрапарламента Пачобут абвешчаны лаўрэатам “сахараўскай” прэміі падчас пленарнага пасяджэння 22 кастрычніка. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 16 снежня 2025 г. у Страсбургу.

юрый Маціеўскі