Полацкі райвыканкам абвясціў аб стварэнні першай у Беларусі «Прыёмнай грамадскай супольнасці». Але наіўна было б меркаваць, што грамадскую супольнасць увасобяць прадстаўнікі простага народу, шэраговыя палачане. Прыём будуць праводзіць прадстаўнікі пяці праўладных грамадскіх утварэнняў: Федэрацыі прафсаюзаў, РГА «Белая Русь», БРСМ, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і Беларускага саюзу жанчын. Асобнае пытанне – каго чакаюць на такіх прыёмах і з якой мэтай?

Да 85-годдзя Віцебскай вобласці галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі разам з абкамам БРСМ і мясцовымі ўладамі праводзіць аўтамарафон «85 лет пад небом Витебщины».

У Глыбокім камуністы арганізавалі мерапрыемства ў раённай бібліятэцы да 85-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці. Як піша раённая газета “Веснік Глыбоччыны”, у мерапрыемстве ўдзельнічалі ветэраны працы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, актывісты горада. Але на самой справе, як бачна па фота, гэтыя так званыя актывісты і камуністы ўяўляюць з сябе былых і цяперашніх чыноўнікаў. Сярод іх былы намеснік глыбоцкага райвыканкама па ідэалагічнай працы Міхаіл Чарапкоўскі, які даўно ўжо на пенсіі, але пад выглядам быццам бурнай дзейнасці камуністычнай партыі, якую ён узначальвае (праўда невядома, хто туды на самой справе ўваходзіць), з’яўляецца на розных імпрэзах, якія ладзяць глыбоцкія ўлады.

Паводле сацыялагічнага анлайн-апытання Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, віцяблян найбольш турбуе іхнае эканамічнае становішча, якое яны лічаць няпэўным. Найбольшую колькасць жыхароў гораду турбуе іхны ўзровень прыбыткаў і верагоднасць яго падзення, а таксама рост цэнаў на тавары першай неабходнасці. Траціна апытаных адзначае ў якасці чыннікаў, якія ўплываюць на іхнае жыццё, праблемы, звязаныя з працай прадпрыемстваў і беспрацоўе, дакладней, дэфіцыт працоўных месцаў з годнымі заробкамі.

Яркія і ўпрыгожаныя беларускім арнаментам пад’ездныя дзверы па вуліцы Станкевіча ў доме №13 у Паставах прыцягваюць увагу мінакоў. Але, як аказалася, не ўсім такое падабаецца. Адзін з жыхароў дома Аляксей Юркайць не ацаніў гэты крэатыў і звярнуўся да ўладаў з просьбай адказаць на яго пытанне: ці можна па сваім жаданні афармляць сцены пад’езда і ўваходныя дзверы шматпавярховіка і якія штрафы за гэта прадугледжаныя. Што можна і чаго нельга рабіць у пад’ездах і якая адказнасць прадугледжана за гэта? Распавёў пастаўчанам намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Мікалай Доўмант.