Серада, 15 Люты 2023

Віцебская міліцыя купляе квадракоптары, каб каб шукаць парушальнікаў на масавых мерапрыемствах

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Міліцыянтаў турбуе, што падчас «Славянскага базару» ці іншых афіцыйных мерапрыемстваў нехта з віцяблянаў арганізуе сваё – несанкцыянаванае. З гэтай мэтай будзе арганізавана назіранне з дапамогай квадракоптараў, якія неўзабаве з’явяцца ў арсенале супрацоўнікаў. Плануецца таксама павялічыць колькасць камер відэаназірання на цэнтральных вуліцах Віцебску. Між тым у рэгіёне няўхільна расце колькасць злачынстваў зусім іншага кшталту, выкрыццю якіх квадракоптары аніяк не дапамогуць.

Віцебшчыну накрыла хваля кіберзлачынстваў і махлярстваў у Інтэрнэце, калі зламыснікі выманьваюць у даверлівых грамадзян грошы з банкаўскіх картак або падманваюць жыхароў вобласці, запрашаючы набыць тавары ў няісных інтэрнэт-крамах. Таму варта было б чакаць, што ў міліцыі мусіць з’явіцца новае высокатэхналагічнае абсталяванне дзеля папярэджання такіх злачынстваў. Але ж не: у распараджэнне віцебскіх міліцыянтаў паступаюць квадракоптары, сфера выкарыстання якіх мае вельмі спецыфічнае прызначэнне.

З вялікай доляй фантазіі яшчэ можна сабе ўявіць, што назіранні з вышыні дапамогуць выкрываць «закладчыкаў» і спажыўцоў псіхатропных і наркатычных рэчываў. Бо незаконны абарот наркотыкаў стаў у апошнія гады адным з самых распаўсюджаных злачынстваў. Таксама чыста тэарэтычна можна разважаць пра ролю квадракоптараў у барацьбе са злачынствамі ў сферы аграпрамысловага комплексу, калі вядзецца пра крадзяжы жывёлы з фермаў...

Але міліцыю хвалюе іншае: неабходнасць сачыць за грамадзянамі, якія могуць парушыць заканадаўства аб масавых мерапрыемстваў: выйсці з плакатам у натоўпе ці разгарнуць у людным месцы бел-чырвона-белы сцяг. Менавіта з такімі мэтамі ў месцах правядзення рознага кшталту гарадскіх імпрэзаў будуць запускаць квадракоптары з відэакамерамі, каб як мага хутчэй вылічыць парушальнікаў «грамадскага спакою і стабільнасці ў краіне».

Станіслаў Іваноўскі