Выстава “Сьвятло сьвету” аб навамучаніках і вызнаўцах, ураджэнцах Віцебскай вобласьці, адкрылася 15 траўня ў храме Праабражэньня Гасподняга, паведамілі ў Віцебскай эпархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Яна зладжаная ў Віцебску ў рамках XI Велікоднага фэсту. Выстава арганізаваная пры садзейнічаньні аддзелу рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай эпархіі, а таксама цэнтру праваслаўнай асьветы прападобнай Эўфрасіньні Полацкай.

У Віцебску мясцовыя актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” напярэдадні Міжнароднага дня сям’і, які адзначаецца 15 траўня, правялі акцыю ў абарону сямейных каштоўнасьцяў. Ля віцебскай ратушы – месца адпачынку гараджанаў – яны раздавалі брашуры БХД “За сямейныя каштоўнасьці”. Як паведаміла каардынатарка аргкамітэту БХД Тацьцяна Севярынец, усяго было раздадзена каля сотні такіх брашураў.

Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў атрымаў позву ў Кастрычніцкі райсуд на 15 гадзін 17 траўня. Судзьдзя Алена Протас мае разгледзець міліцэйскі пратакол, складзены на актывіста “за парушэньне заканадаўства аб СМІ”.

Правёўшы пяць сутак у Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) за раздачу ўлётак з запрашэньнем на акцыю 25 сакавіка, абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў вымушаны быў зьвярнуцца да лекараў. Паводле палітыка, у ІЧУ ён быў дастаўлены зусім здаровым, а як выйшаў стуль, лекары паставілі яму дыягназ «інфэкцыйная ангіна». На думку Леаніда Аўтухова, інфэкцыю ён, найхутчэй, падчапіў у ІЧУ, таму папрасіў санстанцыю праверыць на адпаведнасьць санітарным нормам умовы ўтрыманьня грамадзян у ізалятары.

Раённыя аддзелы Сьледчага камітэту ў Віцебску і Гомелі аб’ядноўваюцца ў гарадзкія. Адпаведны ўказ № 217 “Аб удасканаленьні сыстэмы Сьледчага камітэту” кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка падпісаў 8 траўня, паведамілі ў прэсавай службе беларускага лідэра. “Дакумэнтам прадугледжанае аб’яднаньне раённых аддзелаў Сьледчага камітэту ў Віцебску і Гомелі ў адпаведныя гарадзкія аддзелы Сьледчага камітэту”, - праінфармавалі ў прэс-службе. З прыняцьцем гэтага ўказу завяршаецца рэарганізацыя тэрытарыяльных падразьдзяленьняў Сьледчага камітэту ў абласных цэнтрах і гарадох абласнога падпарадкаваньня.

Парушэньні працоўнай дысцыпліны выяўленыя ў РУП “Віцебскаўтадар”, паведаміла пракурор аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласьці Натальля Калпакова. Парушэньні на прадпрыемстве і яго структурных падразьдзяленьнях у рэгіёнах вобласьці былі выяўленыя пры правядзеньні праверкі выкананьня патрабаваньняў працоўнага заканадаўства, заканадаўства аб ахове працы, дырэктыў № 1 “Аб мерах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны” і № 3 “Эканомія і ашчаднасьць - галоўныя фактары эканамічнай бясьпекі дзяржавы”, заканадаўства аб прафіляктыцы правапарушэньняў і аб захаванасьці ўласнасьці.

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тацьцяна Севярынец атрымала адказ зь Міністэрства аховы здароўя Беларусі за подпісам намміністра Дзьмітрыя Піневіча на калектыўны зварот з заклікам прыняць меры да скарачэньня колькасьці абортаў у краіне. У адказе адзначаецца, што ўва ўсіх жаночых кансультацыях і моладзевых цэнтрах працуюць габінэты па плянаваньні сям’і, рэалізуецца Нацыянальны плян дзеяньняў па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці на 2011-2015 гады, які мусіць узьняць прэстыж сям’і і сфармаваць усьвядомленае бацькоўства.

На цэнтральныя вуліцах Віцебску зьявіліся бела-блакітныя сьцяжкі з выявай фірмовай кветкі “Газпрому”. Гэтак Віцебск сустракае гасьцей грандыёзнага карпаратыву - газпромаўскага фэстывалю “Факел”, які пройдзе ў горадзе з 13 па 20 траўня. Як дома «газпромаўцы» павінны адчуць сябе яшчэ на віцебскім вакзале - Прывакзальная плошча літаральна патанае ў фірмовых колерах расейскай энэргетычнай кампаніі, а на будынку ёсьць буйныя плякаты мерапрыемства. Сьцяжкамі з сымболікай фэстывалю ўпрыгожаныя таксама вуліцы Кірава, Замкавая, Леніна і праспэкт Фрунзе. Дзе-нідзе гэтыя сьцяжкі нават зачынілі дарожныя знакі.

Пётар Іваноў абскарджваў пастанову судзьдзі Першамайскага райсуду Валянціны Кісьмярошкінай, якая пакарала яго штрафам у памеры 4 млн рублёў за нібыта лжэсьведчаньне супраць супрацоўнікаў ДАІ і непадпарадкаваньне міліцыянтам. На думку спадара Іванова, судзьдзя Кісьмярошкіна судзіла яго з грубымі парушэньнямі працэсуальна-выканаўчага кодэксу, і таму прасіў адмяніць яе рашэньне. Аднак судзьдзя віцебскага аблсуду пакінула пастанову суду першай інстанцыі ў сіле.

Палітвязень Павал Севярынец лічыць сьвята 9 траўня – сьвятам са сьлязамі ў вачох. Павал згодны з публіцыстам Алесем Чайчыцам, што 9 траўня – гэта “ідэалягічны кастыль для безыдэйных рэжымаў”. Паводле ягоных слоў, дзясяткі гадоў акцэнт рабілі на перамозе: “Але на тым, якім коштам далася гэтая перамога – ужо менш, на тым як пацярпелі ўсе мы – яшчэ менш. Пра тое, хто разьвязаў Другую сусьветную вайну, а падпальшчыкамі яе былі Сталін і Гітлер, увогуле гэты факт хавалі. Тое, што беларусы апынуліся паміж молатам і кавадлам у гэтай вайне, – гэта таксама факт”.