Субота, 11 Май 2013

Тацьцяна Севярынец: Палітыка дзяржавы злачынная

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Тацьцяна Севярынец Тацьцяна Севярынец

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тацьцяна Севярынец атрымала адказ зь Міністэрства аховы здароўя Беларусі за подпісам намміністра Дзьмітрыя Піневіча на калектыўны зварот з заклікам прыняць меры да скарачэньня колькасьці абортаў у краіне. У адказе адзначаецца, што ўва ўсіх жаночых кансультацыях і моладзевых цэнтрах працуюць габінэты па плянаваньні сям’і, рэалізуецца Нацыянальны плян дзеяньняў па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці на 2011-2015 гады, які мусіць узьняць прэстыж сям’і і сфармаваць усьвядомленае бацькоўства.

Намесьнік міністра таксама адзначыў, што ў Беларусі падрыхтоўка да аборту займае ня менш за сем дзён, а значыць жанчыны заўсёды маюць магчымасьць адмовіцца ад яго правядзеньня. А лекары, піша Піневіч, заўжды маюць права не рабіць аборты, калі гэта супярэчыць іх поглядам і не пагражае жыцьцю пацыенткі. Неабходнасьць жа згоды бацькі на правядзеньне аборту намесьнік міністра лічыць не патрэбнай, бо гэта, паводле яго словаў, парушыць гендэрную роўнасьць.

“Акрэсьленыя ў адказе пункты ня маюць нічога агульнага з плянаваньнем сям’і. Дый самі габінэты па плянаваньні сям’і працуюць толькі фармальна і ня маюць ніякіх птрэбных матэрыялаў. Меркаваньне бацькі зачатага дзіцяці абсалютна ігнаруецца. Мяркуючы з адказу, дзяржава не зьбіраецца рабіць нічога, каб спыніць забойствы і выміраньне беларусаў. Такая палітыка злачынная”, - адзначыла Тацьцяна Севярынец.

Крыніца: Прэсавая служба БХД