22 сакавіка Леанід Аўтухоў і ягоны аднапартыец Кастусь Смолікаў былі затрыманыя ў гандлёвым цэнтры “Эвіком”. Першапачаткова на абодвух склалі пратаколы за парушэньне заканадаўства аб масавых акцыях, бо яны раздавалі партыйны бюлетэнь “Магістрат”, дзе быў артыкул пра мітынг у Дзень Волі 25 сакавіка. Заяўку на мерапрыемства падаваў Леанід Аўтухоў, і ў дзень затрыманьня ён яшчэ ня меў ніякага адказу ад уладаў. Але ў дзень суду супрацоўнікі міліцыі паказалі копію адказу, дзе было сказана, што мітынг забаронены Чыгуначнай раённай адміністрацыяй. Такім чынам, судзьдзя Іна Грабоўская прызнала Смолікава і Аўтухова вінаватымі за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.
“Паводле рашэньня суду асобнікі “Магістрату” мусілі зьнішчыць. Але 24 красавіка мяне выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС і паведамілі, што кіраўніцтва райадзьдзелу зьвярнулася ў суд, каб іх не зьнішчалі. І на нас са Смолікавым склалі яшчэ па адным пратаколе – цяпер за парушэньне заканадаўства аб СМІ. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што колькасьць забраных асобнікаў большая за дазволены для незарэгістраваных выданьняў наклад. Але ж у нашай прысутнасьці ніхто нічога не пералічваў, і я ня ведаю, адкуль узялася лічба “перавышанай колькасьці”, – кажа Леанід Аўтухоў.
Ён мяркуе, што іх са Смолікавым будуць судзіць разам – як было і мінулага разу, калі за парушэньне заканадаўства аб масавых акцыях абодвум далі па 5 сутак арышту. Але Кастусь Смолікаў пакуль позвы ў суд не атрымаў.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"