Некаторыя ўчасткі на Віцебшчыне справаздачацца пра больш за 30% прагаласаваўшых датэрмінова
Як піша сайт “Міёрскія навіны”, на выбарчым участку № 10 у Чэрасах Мёрскага раёна вяскоўцы абазначылі сваю грамадзянскую пазіцыю. Участак знаходзіцца ў мясцовым Доме культуры. Як хваляцца ўлады, з пачатку датэрміновага галасавання да 14.00 23 лютага 33% выбарцаў - 159 вяскоўцаў - пазначылі сваю грамадзянскую пазіцыю. Паводле чальцоў выбарчай камісіі, так званае датэрміновае галасаванне праходзіць спакойна.
Рэйсавы аўтобус не даходзіць да вяскоўцаў на Пастаўшчыны з-за аварыйнага моста
Жыхары вёскі Мягуны паведамляюць, што да іх у вёску ўжо больш за год не заходзіць рэйсавы аўтобус, бо ў суседняй вёсцы Даўгуны, праз якую ездзіць транспарт, мост знаходзіцца ў аварыйным стане. Мягуны – немаленькая вёска, у ёй зарэгістравана 119 чалавек.
Суддзі, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды, пайшлі на падвышэнне
Паводле Указа Аляксандра Лукашэнкі ад 15 лютага, трое шэраговых суддзяў, чые прозвішчы часта паўтараліся ў раскладах судовых пасяджэнняў з разборамі адміністрацыйных справаў па «народных» артыкулах, цяпер будуць старшынямі раённых судоў. Гэта Міхаіл Юрчанка з Віцебска, Віктар Баліка з Полацка і Сняжана Калінічэнка з Наваполацка.
За несанкцыянаваны пікет у сацсетцы ўлады арыштавалі жыхара Наваполацка
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 15 лютага за правядзенне не дазволенага ўладамі масавага мерапрыемства ў сацыяльнай сетцы арыштавала на 7 сутак Міксіма Вуська.
У Паставах прыйшоў галасаваць датэрмінова кіраўнік раёна разам з малалетнім сынам
Сяргей Чэпік прыйшоў на ўчастак №2, які размяшчаецца ў першай школе горада. Ён завітаў туды разам з малалетнім сынам і сказаў, што робіць гэта рэгулярна, таму што прывіваць электаральную культуру трэба на асабістым прыкладзе. Ён заўважыў, што ўражанняў для яго сына праз гэта будзе на некалькі дзён. Мясцовая раёнка нават зрабіла пра гэта відэасюжэт.
Улады за «экстрэмісцкія» ролікі арыштавалі навапалачаніна
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 12 лютага за распаўсюджванне "экстрэмізму" ў сацыяльнай сетцы арыштавала на 10 сутак жыхара Наваполацка Валерыя Максіменка.
“Калі спатрэбіцца, трымаць у руках зброю”
У Докшыцах, як і па ўсёй Беларусі, працягваецца мілітарызацыя школьнікаў. Там адбылася сустрэча вучняў дзявятых класаў з сілавікамі на чале з ваенным камісарам раёна пад назвай “І няхай мундзіры розныя, а Радзіма – адна”.
Расейскія ўлады абвясцілі ў вышук двух беларускіх каталіцкіх святароў
Не так даўно святары Вячаслаў Барок і Андрэй Вашчук былі змешчаны ў базу вышуку МУС Расійскай Федэрацыі. У 2021-2022 гадах святары неаднаразова падвяргаліся пераследу з боку беларускіх ўладаў за сваю грамадзянскую пазіцыю, у тым ліку антываенную, іх арыштоўвалі і штрафавалі, з-за чаго яны былі вымушаныя пакінуць Беларусь, а Youtube-канал Барка ва ўладамі краіны прызнаны экстрэмісцкім.
У глыбоцкай калоніі не прынялі медычную бандэроль і пасылку з рэчамі для Мікалая Статкевіча
Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.яна нагадала, што зняволены палітык знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 1300 дзён, і што цягам 373 дзён ад яго няма лістоў да родных.
За падпіскі на "экстрэмісцкія матэрыялы" ўлады аштрафавалі спартыўнага трэнера
Суддзя суда Бешанковіцкага раёна Кацярына Мацкевіч 31 студзеня за распаўсюджванне «экстрэмізму» ў сацыяльных сетках аштрафавала на 1200 рублёў трэнера-выкладчыка па валейболе Бешанковіцкай ДЮСШ Мікалая Пушнікава.