03.11.2024 Тэгі: суды, палітвязні, ціск, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Фігурант "справы Ціханоўскага" Аляксандр Арановіч знаходзіцца ў зняволенні амаль чатыры з паловай гады. Апошнія пяць месяцаў палітвязня ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. У красавіку 2021 года яго асудзілі да шасці гадоў калоніі паводле двух крымінальных артыкулаў. Пазней Аляксандру ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму. Ужо 14 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пачнуць разглядаць новую крымінальную справу супраць палітвязня — за"злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы" (ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса). Працэс будзе весці суддзя Вікторыя Палякова.
Аляксандр — удзельнік каманды "Краіна для жыцця", разам з камандай ездзіў па рэгіёнах Беларусі на арэндаваным аўтадоме. Жыў горадзе Старыя Дарогі. Ездзіў на заробкі ў Расію, да 2020 года працаваў кіроўцам.
Аляксандра затрымалі 29 траўня 2020 года. Яго абвінавацілі ў "арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак" (арт. 342 КК) і "падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках" (п. 13 ч. 2 арт. 293 КК) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў старой дымавой шашкі. 27 красавіка 2021 года суд прызначыў яму шэсць гадоў калоніі. Пазней палітвязню замянялі рэжым утрымання на турэмны і перавялі ў магілёўскую турму № 4.
Раней "Краіна для жыцця" паведамляла, што Аляксандра, верагодна, змяшчалі ў ШІЗА за адмову падпісваць прашэнне аб памілаванні. Па апошняй інфармацыі, з Аляксандрам няма ніякай сувязі ўжо амаль 5 месяцаў.
Цяпер стала вядома, што 14 лістапада ў Магілёве яго будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы). Разглядаць справу будзе Вікторыя Палякова. Аляксандру могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.