Чацвер, 22 Люты 2024

Улады за «экстрэмісцкія» ролікі арыштавалі навапалачаніна

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 12 лютага за распаўсюджванне "экстрэмізму" ў сацыяльнай сетцы арыштавала на 10 сутак жыхара Наваполацка Валерыя Максіменка.

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні Валерый, у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі», размясціў відэаматэрыял дэструктыўнага характару пад назвай «В.Жырыноўскі пра А.Лукашэнку» з лагатыпам «Белсат». Там жа ў раздзеле “групы” работнікі міліцыі знайшлі падпіску на групу “Афіцыйная група Хартыі'97”. Усе гэтыя публікацыі ўлады раней уключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым паседжанні мужчына сваю віну не прызнаў, і настойваў на тым, што ён экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» не размяшчаў.

Тым не менш, суддзя Балаболава палічыла дачыненне і віну ў здзяйсненні правапарушэння Максіменкам даказанымі і на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП пакарала яго арыштам тэрмінам на дзесяць сутак.

Пётр Лабкоўскі