Як кажа мясцовай раёнцы жыхарка вёскі Мягуны Вольга Нікалаёнак, можа ў іх вёсцы не так і шмат пасажыраў, якія жадаюць час ад часу наведаць райцэнтр Паставы, але ўсё ж яны ёсць.
Паводле жанчыны, раней да іх у вёску прыязджаў аўтобус “Паставы-Янкішкі”, хоць і не кожны дзень, але людзей задавальняў такі графік. Але калі па даўгунскім мосце стала ездзіць небяспечна, рэйсы спыніліся.
Жыхары вёскі звярталіся з праблемай у пастаўскі філіял “АТП №16 г. Глыбокае”, але аўтобус, канешне, па небяспечным маршруце ніхто не пусціў. Там быццам паабяцалі па запросе ад жыхароў пад’язджаць да моста і адтуль іх забіраць. Але такая ідэя мясцовым жыхарам, якія ў асноўным складаюць пенсіянеры, не спадабалася. Бо трэба ісці па дарозе да моста пяць кіламетраў, і на гэтай трасе наўрад ці сустрэнеш якую спадарожную машыну. Некаторыя людзі пераарыентаваліся на іншы аўтобус “Паставы-Палессе”, праўда, каб і на яго сесці, трэба пераадолець больш за 3.5 кіламетраў да прыпынку “Ладасі”.
Як кажуць у Камайскім сельсавеце, да якога належыць вёска Мягуны, пра гэтую праблемы ведаюць, але яе не вырашаюць. Старшыня сельскага савета Галіна Куліч таксама жыве ў вёсцы Мягуны, але ў яе ёсць асабістае аўто, на якім яна ездзіць на працу. Часам, як піша пастаўская раёнка, старшыня ездзіць на працу на таксі і за гэты шлях ад Мягун да Камаяў яна аддае 40 рублёў, бо таксі выязджае з саміх Паставаў. Але, як заўважае чыноўніца, не кожнаму гэта па кішэні.
Вядома, для пенсіянераў гэта вялікая сума, а старшыня сельскага савета можа самі дазволіць са сваім заробкам і пракаціцца на таксі. Улады Беларусі чыноўнікаў не крыўдзяць у гэтым сэнсе, бо на іх і сілавіках яна і трымаецца.
Як кажуць жыхары вёскі Мягуны, з-за не адрамантаванага моста школьны аўтобус, каб забраць са школы дзяцей і давесці да моста, робіць дадаткова 6 лішніх кіламетраў штодня.
Мост знаходзіцца на балансе ДРСУ-132, але там кажуць, што выдзяленне грошай на рамонт моста ў іх незапланавана. Яны толькі прыехалі да моста, устанавілі знакі, насыпалі жвір і паклалі пакрышкі. Такім чынам яны абмежавалі там рух. Узнікае пытанне: а куды сапраўды ідуць грошы, якія плацяць аўтамабілісты ў Беларусі за дарогу. Раней улады казалі, што на рамонт дарог, але зноў падманулі людзей. Хаця ім не прывыкаць. Уся ўлада Беларусі збудаваная на суцэльнай хлусні.
Канструкцыя моста знаходзіцца ў аварыйным стане, з аднаго боку частка моста прасела, нахіліся драўляныя парэнчы, жвір і пакрышкі, якія павінны былі быць перашкодай, адсунутыя ў бок. А на снезе добра бачныя сляды людзей і коней, а таксама пратэктары шын легкавых аўтамабіляў. Па ім пакуль не ездзяць толькі аўтобусы і велікагрузныя аўто. Але такі стан моста можа прывесці хутка і да бяды кіроўцаў лекавых машын.
Улады, відаць, так і не зварухнуцца з месца, каб вырашыць праблему, пакуль не здарыцца бяды. А зараз ім увогуле не да простых людзей з іх праблемамі, у іх ёсць больш важная справа – у краіне праходзяць так званыя выбары.
Руслан Шчука