04.11.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя На фоне навіны аб намеры Аляксандра Лукашэнкі ў сёмы раз вылучацца ў прэзідэнты ў Беларусі не спыняецца пераслед за каментары пра яго — затрыманні і суды ў крымінальным парадку. Адзначым, што праваабаронцы ўжо даўно выступаюць за дэкрыміналізацыю дыфамацыйных артыкулаў. бо гэта супярэчыць самой сутнасці права на выказванне меркавання. "Вясна" распавядае, колькі людзей асудзілі з 2020 года за "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 КК) і "паклёп на Лукашэнку" (арт. 367 КК), а таксама пра самыя абсурдныя прычыны пераследу паводле гэтых артыкулаў.
Чаму дыфамацыйныя артыкулы трэба дэкрыміналізаваць?
У Беларусі працягваецца пераслел паводле дыфамацыйных артыкулаў — нормаў, якія прадугледжваюць пакаранне за крытыку ўлады, яе сімвалаў і атрыбутыкі, абразу службовых асобаў і паклёп у дачыненні да іх. У адпаведнасці з прынцыпамі 7, 15, 16 Ёханэсбургскіх прынцыпаў, выказванне меркавання, якое не складае пагрозу нацыянальнай бяспецы, уключае, але не абмяжоўваецца выказваннямі:
- за негвалтоўнае змяненне палітыкі ўрада ці змену самога ўрада;
- якія крытыкуюць або абражаюць нацыю/дзяржаву/дзяржаўныя сімвалы/урад/дзяржаўныя ведамствы/дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў/замежныя дзяржавы і іх ўрады;
- супраць прызыву на ваенную службу або ваеннай службы як такой;
- супраць канкрэтнага канфлікту або пагрозы прымянення сілы для вырашэння міжнародных спрэчак;
- накіраваныя на перадачу інфармацыі аб меркаваных парушэннях міжнародных стандартаў правоў чалавека або міжнароднага гуманітарнага права.
Як падкрэсліваюць праваабаронцы, крытыка або абраза, якія накіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў ці якія могуць пацягнуць такія дзеянні, пад абарону не падпадаюць.
У дэмакратычнай дзяржаве, якая ставіць сваёй найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай чалавека і яго правы (прэамбула Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), не можа быць крыміналізаваная дыфамацыя, бо гэта супярэчыць самой сутнасці права на выказванне меркавання.
"Дзеючае заканадаўства і актыўная правапрымяняльная практыка па ім накіраваныя на здушэнне любога іншадумства і непрапарцыйнае пакаранне тых, хто адважыўся сказаць, напісаць, зрабіць тое, што з пункту гледжання ўладаў з'яўляецца непажаданым, небяспечным, забароненым і дэструктыўным", — кажуць праваабаронцы.
Наколькі актыўны цяпер рэпрэсіі за "абразу" і "паклёп" на Лукашэнку?
Затрыманні не спыняюцца з 2020 года, а крымінальныя суды па гэтым дыфамацыйных артыкулах працягваюцца канвеерам. Так, напрыклад, толькі за два тыдні —з 21 кастрычніка па першага лістапада — каля 20 чалавек судзілі за "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 Крымінальнага кодэксу), некаторых з іх дадаткова судзяць і паводле іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Таксама семь чалавек асудзілі за "паклёп на Лукашэнку" (арт. 367 Крымінальнага кодэкса).
Суды за "абразу Лукашэнкі"
З 2020 года паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) асудзілі не меней за 963 чалавека. Некаторых з іх судзілі ў сукупнасці з іншымі абвінавачваннямі. Мінімум 514 чалавек было прызначана зняволенне ў калоніі. Астатнім — абмежаванні волі з ці без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Паводле арт. 368 КК з 2020 года асудзілі мінімум 151 жанчыну.
Суды за "паклёп на Лукашэнку"
Артыкул 367 КК прадуглежвае пакаранне ў выглядзе зняволення да шасці гадоў. З 2020 года паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп Лукашэнкі) асудзілі не меней за 263 чалавекі, з іх 149 асуджаны да калоніі ва ўмовах агульнага і ўзмоцненага рэжыму.
За што судзяць паводле гэтых артыкулаў?
Большая частка тых, супраць каго ўзбуджаюць крымінальныя справы за абразу і паклёп на Лукашэнку, гэта каментары ў сацсетках. Але рэжым вынаходзіць іх і ў іншых формах. Прыводзім некаторыя прыклады.
Рэакцыя ў "Аднакласніках" на карыкатуру на Лукашэнку
За "абразу Лукашэнкі" асудзілі і блогера з Пінска Мікалая Клімовіча, які памёр у зняволенні. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 КК за рэакцыю ў "Аднакласніках" на карыкатуру на Лукашэнку. У судзе Пінскага раёна і г. Пінска 28 лютага 2023 года абвясцілі прысуд — адзін год калоніі. Такі прысуд вынес суддзя Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча, негледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч мае інваліднасць II групы па сэрцу. Мужчыну арыштавалі ў залі суда, бо да прысуду ён быў на волі. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы. У калоніі ён прабыў каля двух тыдняў.
Лаянка пры супрацоўніках Дэпартамента аховы
Таксама ў жніўні 50-гадовага жыхара Віцебска Ерванда Марцірасяна асудзілі на два гады калоніі за тое, што ён знаходзіўся ў службовым аўтамабілі і ў прысутнасці супрацоўнікаў Дэпартамента аховы "неаднаразова прамовіў выразы абразлівага характару" ў бок Лукашэнкі. Справу разглядала суддзя Святлана Кузмічонак.
Стэндап-выступ
У жніўні 2024 года супраць стэндап-коміка Вячаслава Камісаранкі распачалі спецвытворчасць паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Падставай для крымінальнай справы сталі яго стэндап-выступы з узгадванне Лукашэнкі.
Плакат на Маршы ў 2020 годзе
Суд Ленінскага раёна Гродна ў лютым 20024 года вынес прысуд мужу і жонцы Сяргею і Таццяне Чыжам, якіх абвінавацілі ў "паклёпе на Лукашэнку" паводле ч. 2 арт. 367 КК. Справу разглядала суддзя Наталля Козел.
Па матэрыялах абвінавачання, у жніўні 2020 года Сяргей і Таццяна прынялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, разам з мітынгоўцамі прайшлі па грамадскіх месцах горада, цэнтральнай плошчы, парку Жылібера. Пры гэтым дэманстравалі загадзя выраблены плакат, памерамі прыкладна 2,5 х 3 метра, на якім быў напісаны тэкст, які «змяшчае паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да Лукашэнкі». Суд прызначыў Сяргею 3 гады «хіміі», а Таццяне — тры гады «хатняй хіміі».
Фота "фака" на фоне навагодняга выступу Лукашэнкі
У судзе Кобрынскага раёна 25 лютага па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) асудзілі Дзяніса Кісялёва. Жыхара Кобрына асудзілі да 1,5 гады "хіміі" за фота сярэдняга пальца на фоне тэлевізара з выступам Лукашэнкі ў навагоднюю ноч, якое ён размясціў у закрытым тэлеграм-чаце "Кобрын для жыцця Чат".
Напрыканцы лютага адбыўся суд па справе, у выніку якога суддзя Вадзім Здановіч асудзіў Кісялёва да паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімію"). Акрамя гэтага, у яго канфіскавалі смартфон, з якога было зроблена і выкладзена тое самае фота.
За размову ў чат-рулетцы
У лютым 2023 года за размову ў чат-рулетцы затрымалі жыхара Пружанаў. У размове з правакатарам і былым сілавіком Ігарам Канюшыкам 35-гадовы Сямён выказваўся супраць Лукашэнкі ды адзначаў, што менавіта праз яго ва Украіну ляцелі ракеты. Паводле сілавікоў, на мужчыну завялі крымінальную справу па арт. 368 КК за публічную абразу Лукашэнкі.
Запіс у укнізе заўваг і прапаноў АЗС
31 траўня 2021 года суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы асудзіў 47-гадовага Вячаслава Кульбу паводле абвінавачвання ў публічнай абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК) на два гады "хатняй хіміі". Паводле версіі абвінавачвання, Вячаслаў Кульба 20 лістапада 2020 года, "знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення на АЗС "Беларусьнефть" у прысутнасці аператараў АЗС Чычкан і Фурс, наўмысна, маючы мэту на публічную абразу дзейнага прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі, усведамляючы зневажальны характар свайго выказвання, разлічваючы на тое, што ў наступным запіс стане даступны нявызначанаму колу асобаў, у кнізе заўваг і прапаноў АЗС уласнаручна пісьмова ўчыніў запіс, які змяшчае інфармацыю абразлівага характару:
"Скаргаў няма. Не разумею калектыў вашай АЗС, які падтрымлівае рэжым узурпатара Лукашэнкі".
У бальніцы назваў Аляксандра Лукашэнку "дэбілам"
У ліпені 2021 года ў Буда-Кашалёве па крымінальнай справе аб абразе прэзідэнта (арт. 368 Крымінальнага кодэксу) асудзілі Юрыя Кавалёва. Пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме. "Вясне" стала вядома, што падставай для ўзбуджэння справы стала тое, што Кавалёў, знаходзячыся ў бальніцы, назваў Аляксандра Лукашэнку “дэбілам”.
Кавалёў сваёй віны не прызнаў. На судзе ён сказаў, што “дыктатар горш за дэбіла, а Лукашэнка сам сябе называе дыктатарам”. Юрыю Кавалёву прысудзілігод пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Крыніца: За 4 гады больш за 1200 чалавек асудзілі за "паклёп" і "абразу" Лукашэнкі