Валянціну Крыштопенка звінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Падставай для крымінальнага пераследу сталі інтэрв'ю тэлеканалу, прызнанаму ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Валянціна Крыштопенка была сведкай на судовым працэсе над Вячаславам Лазаравым і Таццянай Пыцько, якіх судзілі за супрацоўніцтва ў «Белсатам». А потым супраць яе самой завялі крымінальную справу. Да таго жанчыну шмат разоў каралі за «несанкцыянаванае пікетаванне».
Жыхар Наваполацка Яўген Вільскі вымушана пакінуў Беларусь і сёлета ў ліпені Брэсцкі абласны суд завочна асудзіў яго ў ліку «удзельнікаў экстрэмісцкага фарміравання «Форум дэмакратычных сіл Беларусі». Крымінальныя справы, распачатыя супраць іх, разбіралі ў парадку спецвытворчасці. Яўгена Вільскага суд прызнаў вінаватым у
- змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
- удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні;
- учыненні іншых злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці.
Яму прысудзілі 12 гадоў пазбаўлення волі і штраф памерам 12 тысяч базавых велічынь (480 тыс. рублёў).
Яўген Вільскі — чалец партыі «Народная грамада».У Беларусі яго таксама неаднаразова каралі за адміністрацыйныя «правапарушэнні» - у прыватнасці, «за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах».
Павел Жукаў