Каля 30 арганізацыяў Віцебшчыны своечасова ня выплацілі сваім работнікам заробкі
За несвоечасовую выплату заработнай платы ў студзені - жніўні да адміністрацыйнай адказнасьці на Віцебшчыне прыцягнутыя 569 юрыдычных і 541 службовая асоба, у тым ліку на падставе інфармацыі, якая паступіла з органаў Камітэту дзяржаўнага кантролю - 109 юрыдычных і столькі ж службовых. Паводле дадзеных кантрольнага ведамства, да 1 верасьня своечасова не разьлічыліся з працаўнікамі ў 28 арганізацыях на суму 10,5 мільярдаў рублёў.
У Наваполацку маладыя прыхільнікі дэмакратычных прафсаюзаў вучыліся весьці калектыўныя перамовы
11-12 кастрычніка ў Наваполацку праходзіў нацыянальны сэмінар моладзевай сеткі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, па тэме - «Калектыўныя перамовы». На сустрэчы была прадстаўленая кароткая прэзэнтацыя матэрыялу па калектыўных перамовах і асабістым досьведзе моладзевага экспэрта галяндзкага прафсаюзу ФНВ Бандгэнотэн. Моладзевыя актывісты вылучылі асноўныя элемэнты вядзеньня перамоваў з наймальнікам і замацавалі атрыманыя веды практычнымі заняткамі ў выглядзе ролевай гульні.
На вуліцах Віцебску зноў раздаюць сьцягі Расеі
У гарадох Беларусі працягваецца распаўсюджваньне сымболікі суседняй дзяржавы. Пра гэта сайту charter97.org паведаміў адзін з чытачоў: «Сёньня быў праездам у Віцебску. Ля Макдональдза (дрэнна ведаю горад, таму дакладнае назву вуліцы не скажу), на сьвятлафоры глуханямы раздаваў сьцяжкі РБ і РФ».
Прадпрымальнік зь Віцебску стварае швэдры з «Пагоняй»
Добрыя навіны для патрыётаў напярэдадні халадоў. Прадпрымальнік Сяргей Рамановіч, які ўжо стварае сшыткі і школьныя альбомы з «Пагоняй», вырашыў заняцца адзеньнем. Прынамсі, напярэдадні зімы ён стварыў макеты і ўжо знайшоў вытворцаў цёплых швэдраў для беларусаў. Ён распавёў, колькі будуць каштаваць «патрыятычныя» швэдры, і гарантуе якасьць пакупнікам.
Начальнік цэху ААТ «Полацак-Шкловалакно» загадаў спаліць у плавільнай печы кацянят
Пра гэты выпадак распавялі актывісты суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага, да якіх зьвярнуліся са скаргамі працаўнікі прадпрыемства. Віктар Стукаў, кіраўнік незалежнай прафсаюзнай суполкі, лічыць здарэньне неапраўданай жорсткасьцю.
Восень, а Базыльянскі кляштар у Воршы – бяз даху
Ці захаваецца, ці будзе адрэстаўраваны Базыльянскі комлекс у Воршы – гэтае пытаньне даўно хвалюе грамадзкасьць. Гістарычны помнік перададзены праваслаўнай царкве і ўжо з 2004 году стаіць бяз даху. У двары комплексу ў апошні год зьявіліся новыя царкоўныя пабудовы з новым дахам. Між тым унікальны помнік разбураецца.
«Народны кантроль»: У Віцебску на абласной канфэрэнцыі абмеркавалі вынікі і пляны кампаніі
У Віцебску 11 кастрычніка адбылася абласная канфэрэнцыя ўдзельнікаў кампаніі «Народны кантроль», якая праводзіцца ў пяці населеных пунктах вобласьці. У канфэрэнцыі ўдзельнічалі каля 30 актывістаў кампаніі. Сярод удзельнікаў былі таксама сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, адказны сакратар Дзяніс Садоўскі, каардынатар аргкамітэту па Віцебшчыне Тацьцяна Севярынец.
У Воршы прэзэнтавалі «Буквар» 1631 году
Знакаміты «Буквар» Сьпірыдона Собаля 1631 году выданьня быў прэзэнтаваны ўсім беларусам у пятніцу, 10 кастрычніка, у Воршы, дзе завяршыўся тыднёвы фэст «Беларусь праваслаўная». «Буквар» быў надрукаваны ў вядомай Куцеінскай друкарні.
Палітвязень Ігар Аліневіч зьмешчаны ў штрафны ізалятар
Ігар Аліневіч правядзе ў штрафным ізалятары 10 дзён. Пра гэта паведаміла маці палітвязьня Валянціна Аліневіч: «На мінулым тыдні зьбіраліся да Ігара на кароткатэрміновае спатканьне, і тут нам паведамляюць, што ён у штрафным ізалятары, - распавяла яна. - Як гром зь яснага неба. Рэч у тым, што літаральна пры канцы чэрвеня яго перавялі ў новую калёнію, якая адрозьнівалася ад ранейшай, наваполацкай, сваёй экалёгіяй, бачнасьцю захаваньня законнасьці, бытавымі ўмовамі і г.д. Увесь гэты час Ігар пазытыўна адгукаўся пра больш-менш чалавечыя ўмовы ў гэтай калёніі і, пра цуд - яму нават дазволілі набыць тэлефонную картку і патэлефанаваць першы раз за паўгода ў першай дэкадзе верасьня. Напэўна, проста прыглядаліся».
Дзесяць службовых асоб Віцебскай вобласьці пакараныя за несвоечасовае рэагаваньне на крытыку ў дзяржаўных СМІ
У Віцебскай вобласьці за парушэньне тэрмінаў адказу на крытыку ў СМІ за студзень-верасень 2014 году прыцягнутыя да адказнасьці дзесяць службовых асоб, паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласьці.