Субота, 09 Лістапад 2024

Віцебскі ідэолаг- «змагар з фэйкамі» перастараўся настолькі , што яго давялося абвяргаць ў праграме абласнога тэлебачання

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пад увагу Святаслава Міхайлава, галоўнага спецыяліста ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, трапіў скандал у полацкім універсітэце. Студэнты пачалі масава скардзіцца, што іх перасяляюць у працоўныя інтэрнаты, бо ў студэнцкіх месцаў няма – туды селяць студэнтаў-замежнікаў. Святаслаў Міхайлаў назваў гэта ў сваім блогу «хлуснёй», а звесткі пра незадаволенасць студэнтаў – спробай дэскрыдытаваць улады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Але ў тэлепраграме «Віцебскі веснік» інфармацыю пра перасяленне студэнтаў пацвердзілі.

Як мы ўжо паведамлялі, «трыбуну» для відэаблога Святаславу Міхайлаву прадаставіла абласная газета «Витебские вести». І відэаблог цяпер называецца «Вести не молчат». Канцэпцыя блогера- ідэолага палягае ў тым, каб насміхацца над тымі беларусамі, якія былі вымушаны з'ехаць за мяжу пад пагрозай пераследу за актыўнасць падчас паслявыбарчых падзеяў 2020 года. А таксама ён прэзентуе сябе як «змагар з фэйкамі» - расказвае гледачам пра тое, як кепска жывецца беларусам у Еўропе і як іх падманваюць дэмакратычныя лідары.

Але апошні выпуск быў цалкам прысвечаны падзеям у Беларусі. А дакладней, у Полацкім дзяржаўным універсітэце. На мінулым тыдні ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя пра тое, што беларускіх студэнтаў высяляюць з універсітэцкіх інтэрнатаў і пераводзяць у інтэрнаты прамысловых прадпрыемстваў, дзе часам умовы значна горшыя. Самі студэнты тлумачаць гэта вялікай колькасцю замежных студэнтаў, перадусім з Кітая, якія вучацца ў ВНУ за грошы. Адпаведна, іх і селяць у студэнцкія інтэрнаты, тады як беларускім студэнтам месцаў там не знаходзіцца.

У выпуску «Орудие беглых – фейк» Святаслаў Міхайлаў называе гэтую сітуацыю «фэйкам», за стварэннем якога стаяць «далеко сидящие и ничего не видящие оппозиционеры», якія напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі «стараются дискредитировать власть везде, где только можно». І таму «нагло врут и не краснеют», імкнучыся паўсюль, дзе толькі можна, «плюнуть в кашу государственной власти». Бо існуе «коварный план по срыву выборов».

А студэнты ПДУ тым часам вучыцца і жывуць сабе ў інтэрнатах, бо ўся інфармацыя пра высяленне – фэйк і «ўкід» дэзінфармацыі з разлікамі на масавыя беспарадкі ў моладзевым асяродку, сцвярджае віцебскі ідэолаг. Аднак Святаслаў Міхайлаў настолькі заблытаўся ў сваіх канспіралагічных тэорыях, што вырашыў адмаўляць нават тое, што сапраўды існуе.

Перасяленні са студэнцкіх інтэрнатаў сапраўды маюць месца, гэта пацвярджаецца ў навінавым сюжэце праграмы «Віцебскі веснік». Бо адзін з інтэрнатаў зачынены на камітальны рамонт, а ў іншых сапраўды найперш трэба размясціць студэнтаў-замежнікаў. Праўда, у тэлесюжэце сцвярджаецца, што беларускіх студэнтаў хоць і засяляюць у рабочыя інтэрнаты, але спрабуюць забяспечыць маладым людзям утульнае існаванне.

«З-за рамонту інтэрната з абароту выведзена 900 месцаў. Акрамя гэтага, вырасла колькасць замежных студэнтаў. Прычым тэрмін іх прыёму расцягнуты да канца года. І тут паўстала праблема – забяспечыць усіх ахвотных жытлом» -- гаворыцца ў тэлесюжэце. Паводле першага прарэктара ПДУ Аксаны Голубевай, прадпрыемствы Полацка і Наваполацка выдзелілі месцы для студэнтаў у сваіх інтэрнатах. Прадстаўніца адміністрацыі сцвяржае, што для студэнтаў абіраюць «камфортныя» пакоі «з высокахуткасным інтэрнэтам», што перасяленне адбываецца планава і выключна са згоды студэнтаў.

У апошняе паверыць складана, бо інфармацыя пра «вялікае перасяленне» сыходзіла ад незадаволеных маладых людзей, якія апынуліся ў рабочых інтэрнатах у далёка не самых камфортных умовах...

Калі падсумаваць сказанае вышэй, то відавочна: ідэолаг Святаслаў Міхайлаў сам стварыў фэйк, імкнучыся абвергнуць відавочныя факты. А самае смешнае, што ў дадзеным выпадку абласную дзяржаўную газету, атрымліваецца, абвяргае абласное дзяржаўнае тэлебачанне.

Таццяна Віктарава