Пятніца, 08 Лістапад 2024

Сёлета ў Віцебску 7 лістапада камуністы адзначалі разам з прадстаўнікамі праўладных партый

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Нешматлікая ў апошнія дзесяцігоддзі група ўдзельнікаў «кастрычніцкага» мітынгу нечакана папоўнілася: да яе далучыліся прадстаўніцтвы партый «Белая Русь» і ЛДПБ. Даслалі на імпрэзу і прадстаўнікоў Саюзу беларускіх афіцэраў, і моладзь з БРСМ, і спадарынь з Беларскага саюзу жанчын. Каля помніка Леніну на аднайменнай плошчы было шмат партыйных сцягоў і іншай «дазволенай сімволікі».

Зрэшты, атрымалася так, што практычна ўсе, хто прыйшоў да помніка Леніну ў дзень угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, былі ўдзельнікамі мерапрыемства. Тых, каго прынята называць «неабыякавымі грамадзянамі», на плошчы практычна не было.

Для стварэння ілюзіі інтарэсу да гэтай даты апрача традыцыйнага мітынга быў арганізаваны яшчэ й аўтапрабег. Некалькі дзесяткаў машын з партыйнымі сцягамі праехалі ад Варонаўскага кальца да плошчы Леніна. Гледачоў якія б выйшлі вітаць іх на віцебскія вуліцы, не было.

Што яшчэ кінулася ў вочы – гэта новая «спецвопратка» у прадстаўнікоў КПБ: партыйцам выдалі чырвоныя шапкі і курткі-вятроўкі з надпісам «КПБ Витебская область».

Марыя Кудрэйка