Пятніца, 08 Лістапад 2024

Жыхарам аграгарадка Альгова кампенсавалі выдаткі за залітыя дажджом кватэры. Але толькі за тры

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сёлета бяда да альгоўцаў прыйшла адкуль не чакалі: у сярэдзіне траўня трохпавярховы дом на вуліцы Цэнтральнай пачалі рамантаваць. У прыватнасці, рамантавалі дах. Але пачаліся дажджы, і якраз на той момант дах быў «адкрыты», прасцей сказаць – яго не было. Кончаткова праблема вырашылася толькі цяпер – позняй восенню.

Замоўцам рамонту было УКВП «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка». Падрадчыкам - камунальнае унітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі «ЖРЭП Віцебскага раёна».

Частку даху згаданага дома разабралі, каб паэтапна мяняць яе на новую. Падчас дажджоў у месцах без даху вільгаць пранікала ў кватэры. Прычым, як сцвярджалі жыхары, не толькі на верхнім, трэцім паверсе. Але намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама па будаўніцтве Андрэй Галяковіч і дырэктар ЖРЭП Віцебскага раёна Станіслаў Завадскі пацвердзілі, што пацярпелі толькі тры кватэры – самыя верхнія.

Гэтыя кватэры былі застрахаваныя, таму ўладальнікі атрымалі кампенсацыю па страхоўках. Дах абяцалі адрамантаваць да 1 жніўня, але спазніліся.

Гарадская газета «Віцьбічы» паведаміла пра «шчаслівы фінал» гэтай гісторыі толькі ў кастрычніку. Маўляў, і новы дах людзі атрымалі, і грашовую кампенсацыю. Але задаволенымі засталіся не ўсе – частку пашкоджаных кватэр такімі не прызналі, і людзі мусілі рамантаваць жытло за ўласны кошт. Не зразумелай засталася і яшчэ адна дэталь: ці было нейкае разбіральніцтва гэтага інцыдэнта ў ЖРЭП Віцебскага раёна, і ці былі заўважаны парушэнні ў працы будаўнікоў, якія рабілі рамонт.

Віктар Ягаў