05.11.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, гісторыі вязняў Сёмая прэзідэнцкая выбарчая кампанія распачалася ў атмасферы страху, кампаній запалохвання і ў поўным знішчэнні грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны. У першы тыдзень сёлетняй кампаніі прайшла вялікая хваля затрыманняў па ўсёй Беларусі. У 2020 годзе пачатак выбарчай прэзідэнцкай кампаніі таксама адзначыўся рэпрэсіямі, але тады затрыманнем патэнцыйных кандыдатаў і актывістаў выбарчых штабаў. Многія з іх да гэтага часу ўтрымліваюцца за кратамі і сутыкаюцца з вялікімі ціскам: іх трымаюць без сувязі са знешнім светам, судзяць па новых крымінальных справах і ўзмацняюць умовы ўтрыманняў. "Вясна" распавядае 10 гісторый палітвязняў, якія ўтрымліваюцца за кратамі амаль чатыры з паловай гады — з пачатку мінулай выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.
Блогер Сяргей Ціханоўскі— асуджаны да 18 гадоў зняволення, утрымліваецца без сувязі са знешнім светам
Сяргей Ціханоўскі вясной 2020 года выказаў жаданне балатавацца на пасаду прэзідэнта, аднак перад самым пачаткам выбарчай кампаніі быў арыштаваны за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства і не змог асабіста падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам. Пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту Сяргей Ціханоўскі стаў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай і актыўна ўключыўся ў кампанію па зборы подпісаў у яе падтрымку. У кожным горадзе, куды прыязджала каманда "Страна для жизни", сабралася рэкордная колькасць жадаючых падпісацца за вылучэнне Святланы. Аднак ужо 29 траўня ён быў затрыманы ў Гродне падчас чарговага пікету па зборы подпісаў. На пікеце з'явіліся жанчыны, якія задавалі Сяргею Ціханоўскаму правакацыйныя пытанні і хапалі яго за вопратку. Затым падышлі міліцыянты, але прысутныя не падпускалі іх да блогера. У нейкі момант адзін з міліцыянтаў ўпаў на зямлю. Пасля чаго супрацоўнікі АМАП брутальна затрымалі Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго паплечнікаў.
14 снежня 2021 быў вынесены прысуд Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі па шэрагуартыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
- ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
- ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК);
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У жніўні 2022 года Ціханоўскаму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў турму на тры гады. У калоніі ён прабыў каля месяца.
У лютым 2023 г. супраць Сяргея завялі справу паводле ч. 2 арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". У дадатак да 18 гадоў калоніі яму прызначылі яшчэ паўтара года зняволення.
З 9 сакавіка 2023 года Сяргей Ціханоўскі ўтрымліваецца ў поўнай ізаляцыі ад свету ў рэжыме інкамунікада. Без магчымасці бачыць сям'ю, абменьвацца лістамі ці атрымаць хоць бы слова падтрымкі ад сяброў.
Удзельнік каманды "Краіна для жыцця" Аляксандр Арановіч — асуджаны да 6 гадоў калоніі, судзяць паводле арт. 411 КК
Старадаражанін Аляксандр Арановіч разам з камандай "Краіны для жыцця" ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме, але 29 траўня 2020 года быў затрыманы разам з іншымі ўдзельнікамі каманды ў Гродне. З таго часу ён утрымліваецца за кратамі. Судзілі яго аднаго ў судзе Ленінскага раёна Гродна вясной 2021 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 13, арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) і прызначылі шэсць гадоў калоніі.
У ліпене 2023 года стала вядома, што палітвязня перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на два гады. Аляксандру некалькі разоў прапаноўвалі пісаць заяву на памілаванне, але ён адмовіўся.
З чэрвеня 2024 года Аляксандра ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. 14 лістапада ўсудзе Ленінскага раёна Магілёва яго будуць судзіць паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы).
Апазіцыйны палітык Мікола Статкевіч — асуджаны да 14 гадоў зняволення, год і дзевяць месяцаў у рэжыме інкамунікада
Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Агулам яго адразу арыштавалі на 30 сутак, але потым прад'явілі абвінавачванне па крымінальнай справе.
14 снежня 2021 года палітыка асудзілі паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў) да 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.
У зняволенні Мікола сутыкаецца з ціскам: яго закідваюць у ШІЗА, утрымліваюць у адзіночнай камеры, пазбаўляюць спатканняў, званкоў і перадач. Цяпер ён утрымліваецца ў глыбоцкай калоніі № 13. З лютага 2023 года Міколу Статкевіча ўтрымліваюць без сувязі з роднымі і знешнім светам.
Сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Арцём Сакаў — асуджаны да 16 гадоў калоніі, утрымліваецца ў турме
Былы памежнік Арцём Сакаў затрыманы 31 траўня 2020 года за інцыдэнт падчас выбарчага пікета ў Гродне. Ён быў адным з аператараў youtube-канала "Страна для жизни".
Арцёму выстаўленыя абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса, а таксама ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці); ч. 2 арт. 191 КК (перашкода працы ЦВК). 14 снежня 2021 быў вынесены прысуд Арцёму Сакаву — 16 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У жніўні 2022 года Арцёма ў шклоўскай калоніі № 17 змясцілі ў ПКТ тэрмінам на чатыры месяцы. У лістападзе 2022 года яго перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4.
Валанцёр, затрыманы пасля інцыдэнту на плошчы ў Гродне Уладзімір Кніга — асудзілі да 4 гадоў калоніі, утрымліваюць у рэжыме інкамунікада
Былы сілавік і валанцёр каманды СвятланыЦіханоўскай Уладзімір быў затрыманы праз некалькі дзён пасля затрыманняў на плошчы ў Гродне падчас збору подпісаў — 4 чэрвеня 2020 года. За інцыдэнт падчас выбарчага пікета супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да міліцыі).
2 чэрвеня 2021 года пасля доўгага судовага працэсу ў гродзенскім судзе Уладзіміру Кнігу прысудзілі чатыры гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. У 2022 годзе палітвязню ўзмацнілі рэжым і памянялі яго на турэмны. Таксама ў жніўні таго ж года стала вядома, што больш за чатыры месяцы яго ўтрымлівалі ў ШІЗА. У судзе г. Жодзіна 25 ліпеня 2023 г. палітзняволенага асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы) і прызначылі яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі. З верасня 2023 года Уладзіміра ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада.
Мадэратар сацыяльных сетак "Краіны для жыцця" Дзмітрый Папоў — асуджаны да 16 гадоў зняволення, пераведзены на турэмны рэжым
Грамадзянін Расіі Дзмітрый Папоў знік 4 чэрвеня 2020 года. Перад знікненнем ён запісаў відэа, у якім распавядае, што яго шукаюць міліцыянты і хочуць затрымаць у межах крымінальнай справы. Толькі праз некалькі дзён стала вядома, што яго асудзілі на 15 сутак арышту.
Дзмітрыю было прад'яўленае абвінавачванне паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). 14 снежня 2021 быў вынесены прысуд Дзмітрыю Папову — 16 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У кастрычніку 2022 года стала вядома, што палітвязня з бабпуйскай калоніі № 2 перавялі на турэмны рэжым, які Дзмітрый адбывае ў жодзінскай турме №8.
Апазіцыйны палітык Павел Севярынец — асуджаны да 7 гадоў калоніі, пераведзены ў турму
Сузаснавальніка партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя іпісьменніка Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года па дарозе дадому. Пасля гэтага ў дачыненні да яго было вынесена, як мінімум, тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Агулам на "стуках" яго пратрымалі 75 сутак. Пасля адміністрацыйнага арышту Паўла Севярынца не выпусцілі на свабоду, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе абвінавачанага паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
25 траўня 2021 года ў Магілёўскім абласным судзе абвясцілі прысуд палітвязню — сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адразу пасля суда Паўла паставілі на прафілактычны ўлік, як схільнага да нападу на супрацоўнікаў і адміністрацыі.
У шклоўскай калоніі Павел сутыкнуўся з ціскам. У чэрвені 2023 года у Шклове адбыўся суд па замене Севярынцу рэжыму ўтрымання. Палітыка перавялі ў турму тэрмінам на тры гады.
Блогер Уладзімір Цыгановіч — асуджаны да 15 гадоў калоніі, тры разы асуджаны паводле арт. 411 КК
Аўтара YouTube-канала MozgON Уладзіміра Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020 года для адбыцця 15-суткавага арышту, вынесенага яшчэ ў сакавіку 2020 года. Пасля яшчэ аднаго 15-сутачнага арышту Уладзіміра Цыгановіча перавялі ў СІЗА-1 у межах крымінальнай справы па "справе Ціханоўскага".
14 снежня 2021 года Уладзіміру быў вынесены прысуд: прызнаць вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 арт. 293 КК і ч. 3 арт. 130 КК і прызначыць 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Напрыканцы снежня 2022 г. стала вядома, што Уладзіміру ўзмацнілі пакаранне і перавялі з віцебскай калоніі на турэмны рэжым у турму № 4 тэрмінам на тры гады.
Пасля гэтага Уладзіміра ўжо тры разы судзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Яму дадалі яшчэ дадаткова тры гады зняволення (вынік трэцяга суды выствятляецца).
Банкір і грамадскі дзеяч, прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка — асуджаны да 14 гадоў калоніі
Віктар быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 г. разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР "праводзіліся вучэнні". У гэты ж дзень Віктар Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА КДБ па абвінавачваннях па крымінальнай "справе Белгазпрамбанка".
Віктар Бабарыка быў "катэгарычна не згодны з прад'яўленым абвінавачваннем", а яго абаронцы настойвалі "на яго поўнай невінаватасці".
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 ліпеня 2021 года Віктару Бабарыку абвесцілі прысуд — 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК). Віктар Бабарыка віну не прызнаў.
У наваполацкай калоніі № 1, куды Віктар Бабарыку накіравалі адбываць тэрмін, працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў. Ён увесь час мусіў знаходзіцца ў пякарні, у памяшканні практычна без вентыляцыі, з тэмпературай плюс 30. Вядома, што ў траўні 2022 года Віктара ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары.
У лістападзе стала вядома, што палітвязень выпальвае драўняны вугаль. Дзевяцігадзінны працоўны дзень шэсць дзён на тыдзень ён знаходзіцца на вуліцы, без доступу да побытавага памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены. Вядома, што Віктар мае медыцынскія супрацьпаказанні для такога кшталту працы.
У ноч з 24 на 25 красавіка 2023 года Віктара Бабарыку ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі ў аддзяленне хірургіі наваполацкага шпіталю: у яго была вадкасць у лёгкіх. Таксама стала вядома, што палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу.
З пятага лютага 2023 года Віктар Бабарыка ўтрымліваецца ў рэжыме інкамунікада.
Сын і кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Эдуард — асуджаны да 8 гадоў калоніі, асуджаны паводле арт. 411 КК
Эдуард быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы. 21 чэрвеня 2021 Эдуарду Бабрыку было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 КК ("Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры"). Яго змясцілі ў СІЗА КДБ. Там для Эдуарда стваралі "жудасныя ўмовы". У ягонай камеры былі такія спёка і вільгаць, што адзенне пакрывалася цвіллю. Таксама палітвязня ўтрымлівалі ў камеры-адзіночцы і абмяжоўвалі ліставанне.
У снежні 2022 года над ім яшчэ не было суда і гэта быў рэкордны тэрмін у зняволенні без суду. Потым яму выставілі новае абвінавачванне, а 18 месяцаў у СІЗА КДБ не залічылі ў час утрымання пад вартай.Мінскі абласны суд 5 ліпеня 2023 года агучыў прысуд палітзняволенаму — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэкса і п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Эдуард на судзе не прызнаў віну.
9 ліпеня 2024 года ў Бабруйску над Эдуардам адбыўся суд паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі) — яму дадалі яшчэ два гады зняволення.
Зачыстка ў Беларусі блогераў, палітычных і грамадскіх актывістаў працягваецца да гэтага часу.