Ганну Федаронак аштрафавалі за «спробу зладзіць антыпарад у Варапаеве»
Суд Пастаўскага раёну 25 чэрвеня разгледзеў адміністрацыйную справу жыхаркі пасёлку Варапаева Ганны Федаронак. Падставай да прыцягненьня жанчыны да адказнасьці быў пост Ганны ў тэлеграм-канале «Пастаўшчына для жыцьця», які яна разьмясьціла 8 траўня. У паведамленьні заклікала жыхароў Варапаева сабрацца ў мясцовым парку. Акурат за гэта на Ганну быў складзены пратакол паводле арт. 23.34 КаАП.
У Наваполацку на 15 сутак арышту асудзілі Яўгена Вільскага. Але адразу не пасадзілі
Наваполацкі суд 25 чэрвеня пакараў каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Яўгена Вільскага адміністрацыйным арыштам на 15 сутак. Але актывіста адразу не затрымалі: судзьдзя Зінаіда Балаболава дала 5 сутак, каб абскардзіць рашэньне суду. Яўген Вільскі пакуль на волі.
Валер Цапкала сустрэўся анлайн з журналістамі рэгіянальных СМІ. Пра што казаў
23 чэрвеня адбылася сустрэча прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзыдэнцтва Валера Цапкалы з прадстаўнікамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Размова прайшла ў межах цыклю анлайн-сустрэч з патэнцыйнымі кандыдатамі, якія ладзіць Press Club Belarus. Мадэравала сустрэчу каардынатарка праектаў Натальля Ганціеўская. Віцебскі рэгіён прадстаўлялі журналісты «Віцебскай вясны» і «Віцебскага кур’еру».
Выбарчая кампанія прайшла траціну свайго шляху. Якія вынікі
Завяршыліся важныя этапы выбарчай кампаніі – збор подпісаў па вылучэньні кандыдатаў на пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і фармаваньне ўчастковых выбарчых камісій (УВК). Ужо можна казаць, што ў Кастрычніцкай раённай камісіі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у Віцебску падрыхтоўка і правядзеньне выбараў адбываецца ані адкрыта, ані галосна.
Праваабаронцу БХК Ірыну Трацякову аштрафавалі на 20 базавых – назірала за зборам подпісаў
24 чэрвеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску судзьдзя Алена Грабянчук прызнала праваабаронцу Беларускага Хэльсынскага камітэту Ірыну Трацякову вінаватай ва ўчыненьні адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага арт. 23. 34. КаАП. Праваабаронца хадайнічала, каб судовае паседжаньне прайшло безь яе.
Дачку блогеркі Янушкоўскай Юлію Ўласенка аштрафавалі на 270 рублёў
Блогерку Алену Янушкоўскую і яе дачку Юлію Ўласенка затрымалі амапаўцы падчас «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня ў Віцебску. Алену судзілі 22 чэрвеня, калі яна яшчэ знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ), і аштрафавалі на 45 базавых велічынь. Справу Юліі Ўласенка разгледзеў суд Віцебскага раёну 24 чэрвеня.
Мікола Качурэц выйшаў на волю пасьля 10 сутак за кратамі. Відэа
Віцяблянін Мікола Качурэц быў асуджаны па двух пратаколах – за ўдзел у пікетаваньнях 31 траўня і 7 чэрвеня. Судзьдзя Алена Цыганкова прысудзіла яго да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 23 чэрвеня актывіст выйшаў на волю, але сустрэць яго каля ізалятару часовага ўтрыманьня не атрымалася: Качурца адразу адвезьлі ў Чыгуначны РАУС для прафіляктычнай размовы. Адпусьцілі толькі пасьля яе.
Віцяблянку Тацяну Філімонаву аштрафавалі на 270 рублёў: проста прыйшла паставіць подпіс
Жыхарку Віцебску Тацяну Філімонаву судзілі два дні. 22 чэрвеня судзьдзя Алена Грабянчук накіравала дакументы на дапрацоўку ў міліцыю, а назаўтра аштрафавала дзяўчыну на 10 базавых велічынь (270 рублёў). Судзьдзя прызнала Філімонаву вінаватай у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах толькі на падставе міліцэйскіх відэаздымак, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.
Актывіста Аляксея Прохарава выкралі амапаўцы – сёньня быў суд
Віцяблянін Аляксей Прохараў быў затрыманы ўвечары 22 чэрвеня супрацоўнікамі АМАП па дарозе з суду над Аленай Янушкоўскай, на якім прысутнічаў у якасьці слухача. Аляксея спынілі на пераходзе праз вуліцу людзі ў цывільным адзеньні, запхалі ў мікрааўтобус і адвезьлі ў АУС Віцебскага раёну. Адтуль – перавезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 23 чэрвеня Прохарава праз скайп прысудзілі да штрафу ў памеры 40 базавых велічынь.
На 2700 рублёў аштрафавалі ўдзельнікаў «ланцугу салідарнасьці» і пікетаў у Віцебску
У панядзелак 22 чэрвеня ў розных судах Віцебску судзілі ўдзельнікаў цалкам законных масавых мерапрыемстваў, якія ладзіліся для збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва і якія трактаваліся міліцыянтамі як несанкцыянаваныя пікетаваньні. Сёньня паводле артыкулу 23.34 КаАП аштрафавалі трох віцяблян на агульную суму 2 тыс. 700 рублёў (100 базавых велічынь).