Панядзелак, 15 Чэрвень 2020

Віцебскага актывіста Міколу Качурца пасадзілі на 10 сутак. Судзьдзя – Цыганкова

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Мікола Качурэц Мікола Качурэц

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 15 чэрвеня прызнаў актывіста Міколу Качурца вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34) і пакараў яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак. Двое сутак актывіст правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) яшчэ да суду. Судовае паседжаньне праходзіла ў рэжыме скайп-канфэрэнцыі.

Мікола Качурэц быў затрыманы ў суботу 13 чэрвеня каля свайго дома. У дачыненьні да яго быў складзены адміністрацыйны пратакол па частцы 3 артыкулу 23.34 за ўдзел у пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскаю, які прайшоў 31 траўня каля піраміды «Марка-сіці». Мужчыну зьмясьцілі да суду ў віцебскі ІЧУ.

Справу 15 чэрвеня разглядала судзьдзя Алена Цыганкова. Ужо падчас працэсу судзьдзя паведаміла, што на Качурца складзены яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 – за пікет, які прайшоў 7 чэрвеня. У выніку дзьве адміністрацыйныя справы былі аб'яднаныя.

Абодва пратаколы ўтрымлівалі аднолькавыя фармулёўкі: «узяў удзел у несанкцыянаваным пікетаваньні без адпаведнага дазволу з мэтай публічнага выказваньня сваіх інтарэсаў». Але зь невялікай розьніцай: 31 траўня, па вэрсіі міліцыянтаў, Качурэц «выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп, Таракан!», а 7 чэрвеня – пікетаваў «з дэманстрацыяй плякатаў «Свабоду Ціханоўскіаму!», «Свабоду Статкевічу!», «Слуга сыходзь, народ прыйшоў!»

Судзьдзя Цыганкова палічыла віну Качурца даказанай і пакарала яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак. Міколу Качурцу – 61 год. На судзе ён паведаміў, што зьяўляецца пэнсіянэрам па інваліднасьці…

Таксама 15 чэрвеня ў Віцебскім абласным судзе актывіст «Народнай Грамады» Аляксандар Якушкоў спрабаваў абскардзіць рашэньне суду Кастрычніцкага раёну, які прысудзіў яму тых жа 10 сутак адміністрацыйнага арышту за пікет 31 траўня. Нагадаем, што Якушкоў адседзеў за кратамі ІЧУ трое сутак і без аніякіх тлумачэньняў быў нечакана вызвалены.

Судзьдзя абласнога суду Сьвятлана Іванова не падтрымала ягоную скаргу і пакінула рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску (судзіў Уладзімер Царыкаў) бязь зьменаў.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.