На міліцэйскіх відэаздымках было відаць, што дзяўчына проста стаіць у натоўпе. У пратаколе ж запісанае зусім іншае.
«У прынцыпе, усе пратаколы напісаныя «пад капірку», толькі падстаўляюцца патрэбныя прозьвішчы. Там напісалі, што я ўзяла ўдзел у незаконным пікетаваньні, што я дэманстравала плякаты рознага кшталту… Ды я іх у вочы ня бачыла і не трымала! Я прыйшла туды паставіць подпіс і проста размаўляла зь людзьмі. Па-мойму, у нас гэта не забаронена ніякім законам. Гэта была звычайная сацыяльная камунікацыя спаміж людзьмі!» – кажа Тацяна Філімонава.
На думку праваабаронцы Паўла Левінава, міліцэйскі ціск і судовы перасьлед толькі ўзмацняюць незадавальненьне кіраўніцтвам краіны ў простых людзей.
«Вось гэтая дзяўчына без усялякіх кепскіх намераў апынулася ў пэўным месцы – і цяпер мусіць сплаціць дзяржаве 270 рублёў. Скажыце, яна будзе болей любіць за гэта дзяржаву, ці яе сваякі, яе сям’я, яе блізкія? Вось такім чынам міліцыя і суды ўзгадоўваюць пратэставы рух!» – мяркуе Павал Левінаў.
Тацяну Філімонаву аштрафавалі толькі за тое, што яна была на месцы збору подпісаў 7-га чэрвеня. Яшчэ некалькі чалавек былі аштрафаваныя за прысутнасьць на так званым «ланцугу салідарнасьці» у мінулую пятніцу. Патаемным чынам быў асуджаны актывіст Аляксандар Ільінец: у нядзелю яго затрымалі каля ўласнага дому, ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, а потым у судзе Першамайскага раёну яму быў прысуджаны штраф памерам 35 базавых велічынь. Па такой самай схеме быў асуджаны і Аляксей Прохараў.
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!