Палітвязнь праваабаронец Валянцін Стэфановіч “адзначае” свой юбілей за кратамі
Сёння, 14 кастрычніка, палітзняволены намеснік старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч адзначае ў турме свой юбілей — 50 гадоў. Сям'я Валянціна вымушана пакінула Беларусь, ён сам цяжка перахварэў на пнеўманію ў мінскім СІЗА №1 і яму нядаўна ўзмацнілі абвінавачванні.
Адміністрацыя віцебскай калоніі незадаволеная тым, што сваякі публікуюць лісты Максіма Знака
Палітзняволены, былы адвакат Максім Знак быў абвінавачаны ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання, яго асудзілі да 10-ці гадоў калоніі. Тэрмін зняволення ён адбывае ў віцебскай ПК-3(«Віцьба»). Сваякі палітвязня стварылі тэлеграм-канал «Невероятные письма. Максим Знак», дзе размяшчалі ўрыўкі з ягоных лістоў на волю. Цяпер гэты канал вымушана спыняе сваё існаванне.
Наваполацкая мастачка Вольга Якубоўская прысвяціла карціну Нобелеўскаму лаўрэату, праваабаронцу Алесю Бяляцкаму
Карціна называецца «Вясна прыйдзе!» «Гэтую працу я прысвячаю Алесю Бяляцкаму – беларускаму праваабаронцу, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна», палітвязню, «вязню сумлення», лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022 года», напісала Вольга Якубоўская ў сваім Інстаграме. Змест карціны алегарычны, як гэта ўласціва творчай манеры мастачкі . Героямі твора з'яўляюцца пазнавальныя персанажы: мужны кот з чалавечымі рысамі, які мае партрэтнае падабенства з Алесем Бяляцкім, і хцівыя ваўкі, якія ўвасабляюць агрэсію і подласць. А таксама птушкі – звястункі вясны.
Полацкія ўлады з размахам адсвяткавалі юбілей вызвалення горада ад войскаў Напалеона
Гарадскія чыноўнікі правялі шэраг мерапрыемстваў у рамках падзей 210-гадовай даўніны, калі 6-8 кастрычніка 1812 года рускія войскі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Вітгенштэйна атакавалі і нанеслі паражэнне французскім "акупантам". Цяпер, напэўна, улады горада думаюць аб тым, як адсвяткаваць іншую гістарычную падзею - 460-годдзе "вызвалення" горада ад палякаў войскамі рускага цара Івана IV Васільевіча (Грознага), якое адбылося 18 лютага 1563 года.
Былы віцебскі ксёндз, вымушаны з’ехаць праз пераслед, служыць па-беларуску ў Кракаве
«Хрысціянская візія» паведамляе, што 10 кастрычніка ў Кракаве адбылася першая беларуская імша, якую адслужыў ксёндз Андрэй Вашчук. У Віцебску ён быў пробашчам парафіі Святога Духа, але быў вымушаны з’ехаць з Радзімы праз палітычны пераслед: Андрэя Вашчука тройчы асудзілі па адміністрацыйных артыкулах і пагражалі крымінальным пераследам. Апошні суд па адміністрацыйным артыкуле прайшоў тады, калі ксёндз Андрэй ужо знаходзіўся за мяжой.
Юныя «міратворцы» Віцебшчыны будуць вучыцца кідаць гранаты і шукаць міны
Такая праграма анансаваная для абласнога злёту прадстаўнікоў «Школ міру», які пройдзе ў райцэнтры Гарадок з удзелам дзевяці каманд. Удзельнікаў прыме сярэдняя школа №1 імя Баграмяна – адна са «школ міру» у Віцебскай вобласці, а таксама вайсковая частка 94017 у вёсцы Прудок. Там мае адбыцца «вайскова-патрыятычная гульня «Гарадоцкі рубеж-2022», падчас якой «міратворцы» возьмуць удзел у спаборніцтвах па кіданні гранаты, праходзіць «умоўна заражаную зону», збіраць аўтамат Калашнікава, размініраваць мясцовасць і транспартаваць «параненага»…
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ дваіх жыхароў Віцебшчыны
11 кастрычніка праваабарончая супольнасць зрабіла заяву аб прызнанні палітзняволенымі 11-ці чалавек, у тым ліку палітвязнямі абвешчаны віцяблянін Аляксандр Патаваў і жыхарка Наваполацку Настасся Савуляк. Іх звінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі, і праваабаронцы лічаць пераслед і пазбаўленне волі гэтых асобаў палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.
Віцебскага блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна чакае новы суд
30 красавіка мінулага году ён быў асуджаны да 8 год зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). 25 кастрычніка яго зноўку будуць судзіць – цяпер за абразу Аляксандра Лукашэнкі.
За размешчаны сцяг Украіны ў інстаграме жыхарцы Наваполацка прысудзілі вялікі штраф
У Наваполацку 11 кастрычніка адбыўся ўжо трэці суд над Ганнай Тукавай. Цяпер міліцыя паставіла ёй у віну «пікетаванне» ў інстаграме выявамі украінскага сцяга. Справу па двух пратаколах па адміністратыўнаму артыкулу 24.23 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) разгледзела суддзя Зінаіда Балаболава. Пасля разгляду матэрыялаў справы, суддзя прызначыла Ганне штраф у памеры 3200 рублёў.
У прыцягненні моладзі да сельгасработ прысутнічаюць элементы прымусовай працы
У парушэнне дзейнага заканадаўства ўлады Віцебскай вобласці прыцягнулі значную колькасць маладых людзей да выканання сельскагаспадарчых работ. Больш за 2,2 тыс. студэнтаў і навучэнцаў прымусова ўдзельнічаюць у зборы агародніны і садавіны, уздыме лёну і іншых складаных і цяжкіх работах. Вяртанню да практыкаў прыцягнення маладзі да працы ў вёсцы энергічна спрыяе Віцебскі абласны камітэт БРСМ.