Серада, 12 Кастрычнік 2022

Віцебскага блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна чакае новы суд

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

30 красавіка мінулага году ён быў асуджаны да 8 год зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). 25 кастрычніка яго зноўку будуць судзіць – цяпер за абразу Аляксандра Лукашэнкі.

Скандальную вядомасць Уладзіслаў Савін набыў, выступіўшы ў ролі прадзюсара. Паводле матэрыялаў судовай справы, у 2015-2016 гадах ён «шляхам падману (махлярства) завалодаў грашовымі сродкамі ў агульнай суме эквівалентнай 8430 базавым велічыням (175 142 рубля 44 капейкі)», а значыць здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу. Яго абвінавацілі ў падмане людзей, якія жадалі ўдзельнічаць у першых беларускіх рэаліці-шоў «Автобус-2», «Корабль-2», «Самолет-1,2», «Бандиты Мексики», «Мисс Дубай». Паказальна, што крымінальная справа па арт. 209 Крымінальнага Кодэксу  цягнулася  з 2016 года, калі Уладзіслаў спрабаваў рабіць тэлепраект з тэлеканалам АНТ. Першапачаткова ў гэтай справе ён праходзіў пацярпелым, потым сведкам. Справу некалькі разоў закрывалі, а ў жніўні 2020-га зноўку аднавілі, прычым Улад Савін стаў ужо галоўным фігурантам.

Паралельна блогеру і прадзюсару быў інкрымінаваны арт. 342 Крымінальнага Кодэксу. Згодна версіі абвінавачвання, Уладзіслаў 14, 16 і 23 жніўня 2020 году прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак: публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя плясканні ў далоні, здзяйсняў блакіроўку руху транспарту і гд. Акрамя гэтага, Савіна абвінавацілі ў арганізацыі акцый пратэсту ў Менску – за тое, што ў сацыяльнай сетцы Instagram ён «з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве» сфармаваў супольнасць аднадумцаў – удзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў.

Свае віны паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Улад Савін не прызнаў, а па арт. 342 Крымінальнага кодэкса – прызнаў цалкам. Судовае разбіральніцтва цягнулася 4 месяцы, і 30 сакавіка ў судзе Заводскага раёна Менску 43-гадоваму прадзюсару і блогеру агучылі прысуд: 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Цяпер супраць яго высунулі новае абвінавачанне- у абразе Аляксандра Лукашэнкі, здзейсненае яшчэ на волі праз інтэрнэт. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суд над Уладзіславам Савіным прызначаны на 25 кастрычніка.

Станіслаў Іваноўскі