Палітзняволеная Вольга Ялцэвіч з Докшыц правяла 50 сутак у падвале
Пра гэта распавяла жанчына, якая сядзела разам з Вольгай. Яна кажа, што была ўражаная стойкасцю Вольгі Ялцэвіч. Паводле слоў былой палітзняволенай, у берасцейскім СІЗА Воля некалькі разоў трымала галадоўку на знак пратэсту супраць цяжкіх умоў. З-за гэтага яе садзілі ў карцар. А потым увогуле пасадзілі ў падвальнае памяшканне. Яно выглядала як камера, але фактычна — падвал. Воля правяла ў ім каля 50 сутак. Умовы там жудасныя: толькі халодная вада, вельмі вільготна. Там нават печыва або вафлі немагчыма было есці, бо ўсе прадукты адразу ж рабіліся вільготнымі. Праз гэта ў Волі вельмі пагоршылася здароўе. Але яна трымаецца.
У Полацку затрымалі Віктара Стукава. На 15 сутак была асуджана і ягоная жонка
Праваабаронцам стала вядома, што на актывіста незалежнага СПБ склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Адзін з іх, найверагодней, па 24.23 КаАП – за фотаздымкі, размешчаныя ў сацыяльных сетках. Другі, магчыма, за падпіску на BySol– паводле ч.2 артыкула 19.11 КаАП. Паводле гэтага ж артыкула за падпіску на ByPol і ByHelp тыдзень таму быў затрыманы і асуджаны жыхар Полацку, сябар і калега Віктара Стукава, старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах. Цяпер ён адбывае 15-суткавы арышт.
Улады абвінавачваюць віцебскага журналіст Вячаслава Лазарава ў “экстрэмізме”
Затрыманне Вячаслава адбылося месяц таму, 9 лютага, на наступны дзень пасля прыезду з Польшчы. Спачатку Лазарава павезлі ў Следчы камітэт, і амаль суткі следчыя на казалі родным дзе журналіст знаходзіцца, што з ім адбываецца. У Вячаслава на волі засталася маці- пенсіянерка і маленькая дачка. Цяпер яго ўтрымліваюць у Віцебскім абласным следчым ізалятары.
У Віцебскай вобласці зафіксаваны рост захворванняў на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам
Паводле статыстычных дадзеных за 2022 год адбыўся рост захворвання па пранцы на 42.5% (116 выпадкаў), трыхаманіяз на 7,3% (928 выпадкаў). Праўда намецілася і зваротная тэндэнцыя, звязаная са зніжэннем выпадкаў па хламідійной інфекцыі на 7.4%. Менш сталі хварэць ганарэяй на 2.3% (143 выпадкі) і аногенітальной герпетычнай інфекцыяй на 38.4%. Усе гэтыя захворванні з'яўляюцца індыкатарамі наяўнасці сацыяльна-эканамічнага крызісу ў грамадстве і дзяржаве.
Улады вырашылі ліквідаваць віцебскае аб'яднанне алерголагаў і імунолагаў
Вярхоўны суд 06 сакавіка 2023 прыняў рашэнне ліквідаваць Беларускую грамадскую арганізацыю "Асацыяцыя алерголагаў і клінічных імунолагаў". Ініцыятарам ліквідацыі медычнай арганізацыі выступіла ўпраўленне па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Офіс арганізацыі знаходзіўся ў Віцебску і асноўнымі заснавальнікамі і сябрамі з'яўляліся, ў асноўным, работнікі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
У Бешанковічах моладзь заклікалі далучацца да БРСМ, а не да «ЧВК Родан»
Паводле супрацоўніка інспекцыі па справах непаўналетніх Бешанковіцкага РАУС Аляксандра Мамойкі, у рэгіёнах супрацоўнікам міліцыі загадана праглядаць сацыяльныя сеткі не толькі на прадмет «экстрэмізму», але і шукаць прыхільнікаў моладзевых субкультур. Асабліва пільна сочаць міліцыянты за развіццём падзеяў вакол «ЧВК Родан» – супольнасці аматараў анімэ Hunter x Hunter, а таксама за групоўкамі футбольных фанатаў. І хаця ў правінцыйных Бешанковічах пра супрацьстаянне гэтых субкультур вядома толькі са СМІ, мясцовыя «эксперты», як іх назвала мясцовая «раёнка», спрабуюць папярэдзіць скандальныя інцыдэнты.
У Мёрах прайшлі спаборніцтвы старшакласнікаў па кіданні гранаты і нараду на кухні
Як паведамляе Наталля Гагалінская, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, у Мёрах прайшла ваенна-патрыятычная гульня «Школа будучага салдата». Каманды 10 і 11 класаў і зборная «Юны пажарны» спаборнічалі ў гэтым мерапрыемстве, якое адбылося ў СШ №3 горада.
У Віцебскай вобласці практычна вырашана пытанне з карупцыяй. За яе праявы асуджана толькі 0,25% дзяржслужачых
Судамі Віцебскай вобласці за 2022 год за здзяйсненне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці было асуджана 58 асоб. Гэта на 12,1% менш, чым у 2021 годзе, калі за падобныя злачынныя дзеянні былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці 66 чыноўнікаў. З улікам, што ў рэгіёне ў дзяржаўным кіраванні працуюць больш за 23 тыс. чалавек, то можна сцвярджаць, што на Віцебшчыне карупцыя пераможана.
Сілавікі правялі ператрус у грамадскага актывіста і журналіста з Шаркаўшчыны
У нядзелю, 12 сакавіка, дамоў да Андрэя Букі завіталі мясцовыя міліцыянты Маліноўскі і Някрасаў і прынеслі пастанову пра ператрус.
Каля 30 чалавек звольнілі з адной арганізацыі ў Глыбокім па палітычных матывах
У пачатку сакавіка ў Глыбоцкім гарадскім доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 60-годдзю з дня ўтварэння Глыбоцкіх электрычных сетак. А ўжо праз некалькі дзён пасля гэтага ў арганізацыі пачаліся чысткі па палітычных матывах. Там былі звольненыя людзі не толькі за тое, што хадзілі на акцыі, але і за тое, што ставілі подпісы падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі не за Лукашэнку, за тое, што дапамагалі фінансава тым, каго ўлады незаконна штрафавалі, ды і ўвогуле за салідарнасць з іншымі беларусамі і нелаяльнасць да цяперашняй улады ў Беларусі.